24 лiстапада 2024, Нядзеля, 22:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Незаконныя дэкрэты трэба байкатаваць

34
Яўген Афнагель: Незаконныя дэкрэты трэба байкатаваць
Яўген Афнагель

Дэкрэт №1 - выведка боем уладаў супраць беларусаў.

Пра гэта сайту Charter97.org заявіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, каментуючы ўхвалены «палаткай» дэкрэт №1 «аб дармаедах»:

- Думаю, нармальна гэты дэкрэт працаваць не будзе - прынамсі, у тым выглядзе, у якім прыняты. Людзі знойдуць магчымасці абысці дэкрэт і ўжо гэта робяць.

Галоўная небяспека ў іншым. Дэкрэт - чарговы крок да адбірання астатніх грошай у беларусаў, выведка боем. Улады, якія памятаюць вясну мінулага года, цяпер вядуць сябе больш асцярожна. Яны правяраюць, якая рэакцыя будзе на дэкрэт у яго сённяшнім выглядзе, каб падрыхтаваць свае далейшыя крокі. Чыноўнікі ўжо не раз казалі пра тое, што сферы, якія закранае гэты закон, у будучыні могуць быць пашыраныя. Даслоўна месяц таму Лукашэнка пагражаў, што «дармаеды» будуць аплачваць і медыцынскія паслугі напоўніцу. А цяпер галоўная задача ўладаў - яны гэтага і не хаваюць - стварыць базу звестак беларусаў, якія нібыта не занятыя ў эканоміцы. Ужо зразумела, што ў яе патрапіць больш за мільён нашых суайчыннікаў - найперш тыя, хто працуе за мяжой.

- Што кажуць людзі пра дэкрэт і пра неабмежаваныя паўнамоцтвы камісій для збору асабістай інфармацыі?

- Менавіта гэты крок сёння выклікае найбольшае абурэнне, бо да пачатку наступнага года фінансавы складнік дэкрэта не будзе прыкметны. Мала таго, што беларусы ўсё жыццё вымушаныя прыніжацца перад чыноўнікамі і бюракратамі, цяпер ім давядзецца рабіць гэта яшчэ і перад незразумела з каго набранымі камісіямі. Закон патрабуе, каб людзі даводзілі ім, што «занятыя ў эканоміцы». Паўнамоцтвы гэтых камісій - практычна неабмежаваныя. Згодна з дэкрэтам, яны змогуць запытваць у арганiзацый кожнай формы ўласнасці ўсю інфармацыю, якую захочуць. Як будуць кантралявацца вырашэнне гэтых камісій - незразумела. І ад іх пастаноў будзе залежаць, колькі грошай недалічыцца і без таго бедны сямейны бюджэт?

Мацней за ўсё дэкрэт ударыць па сотнях тысяч беларусаў, якія вымушаныя працаваць за мяжой і па іх сваякам. Міністарка Ірына Касцевіч падчас выступу ў «палатцы» паспела паздзекавацца з гэтай часткай нашых суайчыннікаў, заявіўшы, што яны не будуць уважацца за «дармаедаў», калі пададуць працоўныя дамовы. Як быццам яна не ведае, што людзі вымушаныя ехаць на заробкі ў Расею не тое, што без складання якіх-небудзь дакументаў, а рызыкуючы нават не атрымаць загадзя абумоўленую суму за сваю працу!

Зразумела, што ў такіх умовах вінаватымі, хутчэй за ўсё, будуць чальцы вышэйзгаданых камісій. Іх набіраюць з праўладных арганізацый, на якія і без таго народ коса глядзіць. З улікам тых неабмежаваных паўнамоцтваў, якімі будуць надзеленыя чальцы камісій, стаўленне да гэтых людзей, думаю, будзе як да стукачоў у прыстойным грамадстве. Менавіта ў гэтым - ахілесава пята новага дэкрэта аб «дармаедах».

- Што беларусы могуць супрацьпаставіць дэкрэту?

- Тое, што дапамагло скасаваць папярэдні варыянт дэкрэта - рашучасць і салідарнасць. Змагацца супраць дэкрэта трэба ўжо цяпер - байкатуючы працу камісій, высмейваючы тых, хто ў іх уваходзіць. У мінулым годзе крыўдна было тым, хто не паверыў у пратэсты і пабег плаціць «падатак на дармаедства». Не варта паўтараць такія памылкі цяпер і пакорліва ісці на паклон да чальцоў камісій, даводзіць ім, што ты не баран і чакаць, пакуль хто-небудзь будзе вызначаць, колькі грошай табе трэба аддаць на новыя аўто і камяніцы для чыноўнікаў ці на лядовыя палацы для хакеіста-няздары. Узгадваем партызанскія традыцыі нашага народа, сабатуем выкананне дэкрэта і рыхтуемся выйсці на вуліцу, калі надыдзе час.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках