Блогер NEXTA: Высокапастаўлены начальнік магілёўскай міліцыі ўцёк з краіны
51- 12.03.2019, 13:14
- 111,281
На сёння мяркуецца, што Максімаў праз Літву вылецеў альбо ў ЗША, альбо ў Ізраіль.
У тэлеграм-канале вядомага беларускага блогера NEXTA з'явілася інфармацыя аб тым, што блізу тыдня таму высокапастаўлены міліцэйскі начальнік, відавочна, збег з краіны, піша mogilev.online.
Са слоў блогера, кіраўнік медслужбы Дэпартамента фінансаў і тылу УУС Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Максімаў не выйшаў на працу. А ў ягоным кабінеце знайшлі рапарт аб звальненні, пасведчанне і ключы ад кабінета.
На сёння мяркуецца, што Максімаў праз Літву вылецеў альбо ў ЗША, альбо ў Ізраіль. З афіцыйнага сайта арганізацыі ўжо выдаленая інфармацыя пра яго, аднак яна ёсць у кэшы пошукавікаў. Выканаўцам абавязкаў на ягонай пасадзе цяпер значыцца Алег Катлярэнка.
Да свайго прызначэння на пасаду кіраўніка медслужбы магілёўскай міліцыі Максімаў загадваў такой жа службай КДБ да яе скасавання.
Са слоў блогера, Сяргей Максімаў сябраваў з «дэпутатам Нацсходу» Аляксандрам Старавойтавым і пабраўся шлюбам з дачкой буйнога магілёўскага забудоўшчыка. Акрамя гэтага, экс-начальнік медслужбы сам з'яўляецца «дэпутатам» Магілёўскага гарсавета 28 склікання ў Арлоўскай выбарчай акрузе №11 (інфармацыя пра гэта ёсць на сайце і цяпер).