23 лiстапада 2024, Субота, 12:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы будзем жыць у вольнай еўрапейскай Беларусі

20
Мы будзем жыць у вольнай еўрапейскай Беларусі
ФОТА: CHARTER97.ORG

У Менску ўручылі Нацыянальную прэмію «Хартыі'97» за абарону правоў чалавека.

Лаўрэатамі Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча за 2018 год сталі берасцейскія блогеры і лідары пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін, маці загінулага салдата Аляксандра Коржыча Святлана Коржыч, актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Леанід Кулакоў і відэаблогер Сцяпан Святлоў, вядомы як NEXTA.

Прэмія «Хартыі-97» уручалася 20 разоў.

Адкрываючы цырымонію, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель павіншаваў прысутных з надыходным Днём Волі:

– Праз некалькі дзён мы будзем казаць пра герояў, якія ў вельмі складаных умовах 101 год таму аднавілі незалежнасць краіны, а сёння ўзнагароджваем герояў, якія змагаюцца за свабоду, за свае правы, абараняюць гонар нацыі ў наш час. Упэўнены, што нашчадкі будуць успамінаць гэтых мужных і самаадданых людзей гэтак сама, як мы ўспамінаем нашых славутых папярэднікаў.

Сёння мы ўручаем Нацыянальную прэмію сайта «Хартыя-97» за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча. Да 2010 года гэтая цырымонія праходзіла ў Менску. Пасля, праз пераслед з боку ўладаў, рэдакцыя сайта была вымушаная пераехаць у Варшаву. Апошнія гады ўзнагароду ўручалі менавіта там. Сёння сітуацыя склалася так, што частцы лаўрэатаў прэміі забаронены выезд з Беларусі. У той самы час галоўная рэдактарка «Хартыі'97» Наталля Радзіна і частка супрацоўнікаў не маюць магчымасці вярнуцца ў краіну праз пагрозу арышту.

Таму мы, грамадскія актывісты, былыя лаўрэаты, адгукнуліся на просьбу рэдакцыі сайта і дапамаглі ў арганізацыі і правядзенні сённяшняга мерапрыемства. Асобны дзякуй прафесійнаму звязу РЭП і ягонаму лідару Генадзю Фядынічу за магчымасць сустрэцца тут, у гэтым памяшканні.

ЛЕАНІД КУЛАКОЎ, ГАННА БАДЗЯКА, СЯРГЕЙ ПЯТРУХІН І АЛЯКСАНДР КАБАНАЎ

Прэмію берасцейскім блогерам Аляксандру Кабанаву і Сяргею Пятрухіну ўручыла рэжысёрка і грамадская актывістка Вольга Нікалайчык.

– Для мяне вялікі гонар назваць тут самых мужных, сумленных, смелых мужчынаў 2018 года. Вельмі прыемна, што ў Беларусі не загас дух свабоды, які падтрымліваюць такія людзі – адукаваныя, цікавыя, інтэлігентныя. Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін – зоркі, якія загарэліся на нашым небасхіле не так даўно. Ну ўжо сёння яны – лідары пратэстаў, якія праходзяць у Берасці.

Магу толькі ганарыцца, што ў нас ёсць такія абаронцы і зычу ім творчага поспеху. Думаю, што менавіта дзякуючы такім людзям, як Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін, як тысячы іншых беларусаў, якія змагаюцца супраць несправядлівасці, мы ўжо вельмі хутка, магчыма, нават у найбліжэйшыя гады зможам перамагчы дыктатуру і пачаць будаваць нашу свабодную еўрапейскую Беларусь, – сказала Вольга Нікалайчык.

АЛЯКСАНДР КАБАНАЎ (ЗЛЕВА), ВОЛЬГА НІКАЛАЙЧЫК І СЯРГЕЙ ПЯТРУХІН

Атрымліваючы прэмію, Аляксандр Кабанаў сказаў:

– У сваім мінулым жыцці я быў звычайным чалавекам, не надта звяртаў увагу на падзеі, якія адбываюцца вакол. Потым я адкрыў для сябе сайт Charter97.org. І са мной адбылося тое самае, што і з многімі іншымі ягонымі чытачамі. Я чытаў "Хартыю" і паступова разумеў, што не адзін я заўважаю, што з нашай краінай нешта не так. Я чытаў пра людзей, некаторыя з якіх цяпер знаходзяцца тут, пра падзеі, пра якія нельга было даведацца з афіцыйных СМІ. І, вядома, тады, шмат гадоў таму, я нават не мог падазраваць, што, дзякуючы гэтаму, я стану актыўным удзельнікам грамадскага жыцця і што некалі сайт «Хартыя-97» узнагародзіць мяне за гэта сваёй прэміяй.

Гэта вельмі важная ўзнагарода і для мяне, і для ўсіх людзей, якія змагаюцца і зазнаюць рэпрэсіі. Вельмі прыемна, што нашу працу ацэньваюць і наша дэмакратычная супольнасць і самы папулярны незалежны сайт.

Сяргей Пятрухін падзякаваў рэдакцыі сайта «Хартыя-97» за прэмію:

– Вельмі прыемна, што мы атрымалі гэтую прэмію, што нашу працу адзначылі такім чынам. Заўсёды радуе, калі тваю творчасць, тваю дзейнасць заўважаюць і ацэньваюць. Гэта натхняе і надае сілаў. Вялікі дзякуй сайту Charter97.org і за ягоную працу, і за гэтую ўзнагароду. Мы прадоўжым барацьбу за перамены і будзем весці яе, пакуль наша краіна не стане нармальнай.

Фота: «Радыё Свабода»

Святлана Коржыч не змагла прыехаць у Менск, бо не адпусцілі з працы. Узнагароду атрымала блізкая сяброўка сям'і Коржыч Ганна Бадзяка, якая ў найбліжэйшы час перадасць яе лаўрэатцы. Уручаючы прэмію, журналістка Ірына Халіп сказала:

– Ёсць агульнапрынятае меркаванне, што самае страшнае для маці – перажыць сваё дзіця. Але не менш страшна, калі маці не можа аддацца свайму смутку, не можа спакойна сядзець і аплакваць сваё дзіця, а вымушаная замест гэтага весці бітву з магутнай дзяржаўнай машынай для таго, каб дамагчыся справядлівасці, для таго, каб задаць пытанні і атрымаць на іх адказы, для таго, каб вінаватыя ў забойстве не сышлі ад адказнасці.

Мужнасць Святланы Коржыч не мае межаў. Я са спачуваннем і з глыбокім павагай сачыла за гэтай справай і шчыра захапляюся ёю. Мне здаецца, менавіта дзякуючы такім людзям, як яна, многія легкадумныя беларусы, якія шчыра мяркуюць, што жывуць у стабільнай краіне, зразумеюць нарэшце, што сённяшняе беларускае войска – гэта не анекдатычнае месца, дзе апавядаюць байкі пра прапаршчыкаў і да прыезду генералаў фарбуюць траву, а страшнае, жудаснае, гестапаўскае месца, ад якога трэба ратаваць сваіх дзяцей. Спадзяюся, вельмі многія маці задумаюцца пра тое, каб не аддаваць сваіх сыноў у цяперашняе войска. Безумоўна, у гэтым будзе заслуга Святланы Коржыч.

У мяне расце сын, і мне страшна думаць пра тое, што праз некалькі гадоў у яго наступіць прызыўны ўзрост. Спадзяюся, што дзякуючы Святлане Коржыч стане зразумела, што прызыўнікі – гэта больш безабаронная частка беларусаў, чым, напрыклад, актывісты апазіцыі. Жыццё салдата, якое, як мы ведаем дзякуючы Святлане Коржыч, каштуе 15 рублёў за суткі, не знаходзіцца ў фокусе грамадскасці. І толькі мы самі можам абараніць нашых беларускіх салдатаў, якіх забіваюць без вайны.

ІРЫНА ХАЛІП
Фота: «Радыё Свабода»

Ганна Бадзяка паабяцала ў найбліжэйшы час аддаць прэмію Святлане Коржыч і перадала ад яе словы падзякі:

– Святлана вельмі шкадуе, што не змагла быць цяпер разам з намі. Яна вельмі хацела прыехаць у Менск. Яна прасіла перадаць, што цяпер для яе вельмі важная падтрымка грамадзянскай супольнасці, падтрымка «Хартыі-97». Святлана прадаўжае змагацца за тое, каб дамагчыся праўды пра лёс сына. Мы ведаем, што тое, што адбылося з Сашам Коржычам, прадаўжае адбывацца ў беларускім войску. І я хачу сказаць, што Святлана змагаецца не толькі за справядлівасць для свайго сына, але і за тое, каб перамагчы сістэму гвалту і карупцыі, якая склалася ў беларускім войску. Яшчэ раз хачу перадаць рэдакцыі «Хартыі-97», усім прысутным яе словы падзякі за гэтую ўзнагароду.

Узнагароду Леаніду Кулакову ўручыў адзін з лідараў прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч.

ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ

– Я сам быў лаўрэатам прэміі «Хартыі» ў 2012 годзе разам са Станіславам Шушкевічам і Наталляй, жонкай Алеся Бяляцкага, які ў той час быў за кратамі і не мог прысутнічаць на цырымоніі ўзнагароджання. Хачу сказаць некалькі словаў пра Леаніда Кулакова. Гэтая ўзнагарода абавязвае да многага, гэта не проста папера ў прыгожай рамцы. Яна сведчыць, што вы маеце высокі гонар называцца сапраўдным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. У нашай краіне жыве шмат насельніцтва, але пакуль не так шмат грамадзянаў. Грамадзяне – тыя, хто гатовы бараніць незалежнасць – не тую, пра якую часам успамінаюць улады, а сапраўдную.

Сапраўдная незалежнасць – гэта, у першую чаргу, правы чалавека. Гэта ўлада, якую паважаюць людзі, таму што яны яе выбралі. Гэта дэмакратычныя еўрапейскія прынцыпы. Проста так правы ніхто не дае, за іх трэба змагацца – так, як гэта робіць Леанід. Дзякуй табе за тваю мужнасць, за тваю перакананасць, за твой удзел у дзейнасці прафзвязаў і «Еўрапейскай Беларусі». Дзякуй табе за Курапаты.

Вельмі важна, каб у краіне ведалі, што ты робіш, ведалі пра тваю барацьбу, пра твае ўчынкі. Каб у Беларусь прыйшлі сотні, тысячы Кулаковых. І тады, я веру, перамога будзе за намі! – сказаў Генадзь Фядыніч.

ЛЕАНІД КУЛАКОЎ
Фота: «Радыё Свабода»

Леанід Кулакоў заклікаў прысутных да салідарнасці з незалежнымі журналістамі і з сайтам Charter97.org:

– Я вельмі ўдзячны «Хартыі-97» і, у першую чаргу, галоўнай рэдактарцы сайта Наталлі Радзінай і за гэтую ўзнагароду, і, вядома, у першую чаргу, за тую вялікую працу, якую яны робяць, за тое, што абараняюць нашу незалежнасць і свабоду, апавядаючы беларусам пра тое, што адбываецца ў краіне. Усім сваім сябрам я заўсёды кажу пра «Хартыі-97», пра іншыя незалежныя СМІ, якія пішуць праўду пра наша жыццё. Цяпер, калі сайт знаходзіцца ў складанай сітуацыі, яму як ніколі патрэбная наша салідарнасць і падтрымка.

Атрыманні гэтай узнагароды стала нечаканасцю для мяне, бо я проста рабіў і прадаўжаю рабіць тое, што павінен, што магу. І, карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да сваіх суайчыннікаў, да ўсіх беларусаў. Наша будучыня залежыць толькі ад нас. Чытайце "Хартыю", даведвайцеся праўду пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Вучыцеся абараняць свае правы. І тады зусім хутка мы будзем жыць у зусім іншай краіне.

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча яшчэ аднаму лаўрэату – блогеру Сцяпану Святлову – будзе ўручаная ў Варшаве найбліжэйшым часам.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках