22 снежня 2024, Нядзеля, 13:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідары беларускай апазіцыі заклікалі прэзідэнта і прэм'ер-міністра Польшчы падтрымаць «Хартыю-97»

10
Лідары беларускай апазіцыі заклікалі прэзідэнта і прэм'ер-міністра Польшчы падтрымаць «Хартыю-97»

Захаванне сайта Charter97.org будзе служыць бяспецы і незалежнасці беларускага і польскага народаў.

Лідары беларускай апазіцыі накіравалі ліст прэзідэнту Польшчы Анджэю Дуду і прэм'ер-міністру краіны Матэвушу Маравецкаму з просьбай падтрымаць працу незалежнага інфармацыйнага сайта Charter97.org, рэдакцыя якога праз рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў сёння знаходзіцца ў Варшаве. У гэтым годзе фінансаванне партала было значна скарочана.

Да кіраўнікоў польскай дзяржавы звярнуліся: першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, лідары Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў, сустаршыня партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Павел Севярынец, лідар прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель.

У лісце лідараў беларускай апазіцыі гаворыцца:

Мы хацелі б выказаць падзяку польскай дзяржаве за запрашэнне і магчымасць працы на тэрыторыі Польшчы рэдакцыі беларускага інтэрнэт-парталу «Хартыя-97» (charter97.org). Пасля таго, як у 2010 годзе ў выніку брутальных рэпрэсій супрацоўнікі «Хартыі» былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі, менавіта Польшча надала дапамогу, якая дазволіла ўзнавіць працу рэдакцыі.

Сёння Беларусь знаходзіцца ў складаным становішчы. Цяпер нашая краіна ў выніку папушчальніцтва і садзейнічання кіроўнаму рэжыму апынуўся ў расейскім інфармацыйным полі. На беларускае грамадства штохвілінна абрынаецца магутны струмень маскоўскай прапаганды.

У інтэрнэт-прасторы бясспрэчным лідарам супраціву інфармацыйнай агрэсіі з'яўляецца легендарная «Хартыя-97» - першы і, нягледзячы на спробы рэжыму заблакаваць яго, самы папулярны беларускі грамадска-палітычны сайт.

Але цяпер падтрымка з боку Польшчы памяншаецца да сумы, пры якой выкананне рэдакцыяй сайта сваёй місіі робіцца немагчымым.

Страта ключавога апірышча супрацьстаяння інфармацыйнай агрэсіі ў сеціве ў час, калі пагроза нашай незалежнасці значна ўзрастае, можа мець цяжкія наступствы для нашай краіны.

Мы звяртаемся да вас як да кіраўнікоў польскай дзяржавы з просьбай дапамагчы ў справе падтрымкі інтэрнэт-партала «Хартыя-97». Просім вашай дапамогі, каб захаваць гэты ўнікальны медыярэсурс, які эфектыўна супрацьстаіць расейскай прапагандзе ў Беларусі. Мы ўпэўненыя, што гэта будзе служыць бяспецы і незалежнасці не толькі беларускага, але і польскага народа.

За нашу і вашу свабоду!

З павагай,

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі

Генадзь Фядыніч, лідар прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці

Мікалай Статкевіч, лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, старшыня партыі «Народная Грамада»

Алесь Бяляцкі, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна»

Уладзімір Някляеў, лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу

Павел Севярынец, сустаршыня партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя»

Яўген Афнагель, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках