21 лiстапада 2024, Чацвер, 20:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Чыноўнікі мяркуюць, што Лукашэнка - адыграная карта

37
Наталля Радзіна: Чыноўнікі мяркуюць, што Лукашэнка - адыграная карта
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА
ФОТА: РАСЦІСЛАЎ ГОРДАН/GORDONUA.COM

У Беларусі ёсць альтэрнатыва.

Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» заявіла галоўная рэдактарка Charter97.org Наталля Радзіна.

- Тое што назіраем: крыжы, суды, ператрус у нашым офісе ўчора. Што гэта ўсё? Хтосьці рыхтуецца да выбараў ці нешта большае?

- Найперш хацела б выказаць салідарнасць з усімі журналістамі тэлеканала «Белсат». Трымайцеся, далей сумленна выконвайце сваю працу і не панікуйце. Таму што ў мяне для вас добрая навіна: Лукашэнка вельмі баіцца незалежных журналістаў. І ўвогуле ён баіцца сёння ўсяго, баіцца беларускага народа, бо мы выдатна ведаем, што ніякай падтрымкай сярод насельніцтва ён не карыстаецца.

Яму вельмі страшна, ён баіцца страціць уладу. І з гэтым звязаныя апошнія вар'яцкія падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. Пачалося гэта 4 красавіка, калі Лукашэнка аддаў загад нішчыць крыжы ва ўрочышчы Курапаты і прадоўжылася ў выглядзе арыштаў лідараў беларускай апазіцыі за набажэнства ў цэнтры Менска каля галоўных храмаў краіны - арышт на 15 дзён лідара Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалая Статкевіча, арышт на такі ж тэрмін лідара Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўла Севярынца, асуджэнне на 15 дзён каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максіма Вінярскага, штрафы для Вольгі Нікалайчык і Ніны Багінскай, ператрус у офісе «Белсата» і крымінальны пераслед незалежных блогераў.

Гэта пацвярджае тое, што Лукашэнка слабы. І мы павінны далей працаваць, не павінны панікаваць. Я вельмі добра разумею, што вы цяпер адчуваеце, бо «Хартыя-97» праз усё гэта прайшла яшчэ ў 2010 годзе. Гэтак жа ў нас узломвалі дзверы ў офіс, выносілі ўсю тэхніку, таксама распачыналі першыя крымінальныя справы нібыта за «паклёп» і «абразу» пакрыўджаных чыноўнікаў, аднак, зразумела, што за гэтым стаяла.

- Калі мы гаворым пра магчымыя выбары (і, магчыма, найбліжэйшыя дні Лукашэнка нешта абвесціць, калі будзе звяртацца чарговым разам да народа), што можа даць Лукашэнка? Грошай даць не можа, гэта відавочна, бо эканоміка з вялікімі праблемамі. З нейкай вялікай ідэяй пайсці на выбары таксама, напэўна, нельга. Пайсці са страхам, з запалохваннем збіраецца кіраўнік?

- Лукашэнка абсалютны банкрут і, калі б у краіне можна было праводзіць сумленныя і свабодныя выбары, ён бы зазнаў паразу яшчэ ў 2001 годзе. Усе выбары ў Беларусі самым нахабным чынам фальсіфікуюцца ўжо дзясяткі гадоў.

Мы сёння павінны вынесці з гэтай сітуацыі, якая адбылася з тэлеканалам «Белсат», з гэтым пераследам журналістаў адзін вельмі важны ўрок – урок салідарнасці. У нас існуе праблема нейкага дзялення і падзелу: вось гэта апазіцыя, вось гэта праваабаронцы і грамадзянская супольнасць, вось гэта журналісты.

Разумееце, за дыктатурамі так не бывае. Ніводзін незалежны чалавек не можа дзейнічаць асобна, бо яго вельмі хутка знішчаць. І ў тым ліку журналісты, яны сёння не могуць адседзецца. Мяне, напрыклад, уразіла, што напярэдадні набажэнства за душы людзей, якія былі расстраляныя НКУС у Курапатах, практычна ніводнае незалежнае СМІ не дало інфармацыі пра гэта. Гэта не «несанкцыянаваная» акцыя апазіцыі, пра якія так баяцца пісаць незалежныя медыі, хоць гэта таксама парушае лукашэнкаўскую Канстытуцыю. Гэта малебен, які не падпадае пад аніводзін закон. Дык вось медыі пра гэта пабаяліся напісаць напярэдадні, а калі б напісалі, то я ўпэўненая, што на гэтую малітву маглі б сабрацца тысячы чалавек. Проста людзі не ведалі, куды ісці і што рабіць.

І што? Гэта выратавала нейкім чынам «Белсат» ад ператрусу? Ніяк не выратавала. Вы сталі наступнымі.

- Чаму ўлада ідзе на абвастрэнне канфлікту і не спрабуе размаўляць, чуць, чаго хочуць і патрабуюць людзі? Навошта вырываць было гэтыя крыжы?

- Сяргей, вы так здзіўляецеся. А калі Лукашэнка слухаў людзей?

- Калі мы сёння кажам, што ён слабы, што ёсць страх, наймацнейшы за ўсе гады.

- Ён сёння адчувае сябе, як загнаны ў пастку звер, і ён сам сябе ў гэтую пастку заганяе. Таму што ў сённяшніх умовах, калі на Лукашэнку цісне Расея, калі незалежнасць Беларусі пад пагрозай, калі ён сам за адзін кроку ад страты ўлады - ён знішчае незалежныя медыі і апазіцыю, якая, увогуле, змагаецца сёння замест Лукашэнкі. Не ўлада змагаецца, а сёння мы змагаемся за незалежнасць Беларусі, мы баронім беларускі суверэнітэт.

І ў гэтай сітуацыі ён адмаўляецца нас чуць, і гэтым самым заганяе сябе ў кут, з якога ў яго няма выхаду.

- А можа быць такая сітуацыя, што Лукашэнка ўжо страціў кантроль над уласнымі сілавікамі? Вось гэтая сустрэча міністра Шуневіча з паслом Бабічам, якая таксама адбылася, пра якую маўчаць дзяржаўныя медыі чамусьці, і якія могуць быць інструкцыі з Масквы? Ці ведае пра іх Лукашэнка да канца?

- Я думаю, што такая пагроза ёсць, бо шчыльныя сувязі беларускіх вайскоўцаў і спецслужбаў з Расеяй даўно вядомыя. І сам міністр Шуневіч, ён увогуле заўсёды быў прарасейскім чалавекам. Ён паходзіць з Луганска, ён выходзіць у форме НКУС на парады перамогі, і ўвогуле я цалкам магу дапусціць нейкую ўласную гульню, якую Ігар Шуневіч можа весці ў тым ліку супраць самога Лукашэнкі.

Рэч у тым, што і сілавікі і многія чыноўнікі ў Беларусі сёння разумеюць, што Лукашэнка – гэта «кульгавая качка», «адыграная карта». І ўвогуле яны сёння глядзяць, у які бок ўцякаць і глядзяць пакуль пераважна ў бок Расеі. Але я б парэкамендавала гэтым людзям не рабіць такую памылку, бо калі ў Беларусь прыйдуць расейцы, то беларускія чыноўнікі не застануцца на сваіх пасадах. І гэта тычыцца ўсіх, у тым ліку міністра Шуневіча. У гэтай сітуацыі трэба быць з народам Беларусі, трэба быць з дэмакратычнай апазіцыяй і разам думаць пра лёс краіны.

- Цяжка паверыць, што міністр Шуневіч будзе разам з апазіцыяй і з народам, калі мы глядзім на тыя падзеі, якія адбываюцца. А калі мы глядзім на пасла Бабіча, не ўзнікае думка, што ён збірае вакол сябе знаёмых і правераных?

- Усякае можа быць. Я назіраю за тым, што робіць амбасадар Бабіч, ён паводзіць сябе вельмі ўпэўнена ў Беларусі.

- Ездзіць па краіне.

- Ездзіць па краіне. Надоечы быў у тым ліку ў маім родным Кобрыне. Увогуле ён паводзіць сябе тут фактычна, як гаспадар. Дзіўна, як гэта дагэтуль церпіць Лукашэнка, бо я не чула ад яго ніводнага слова на адрас расейскага амбасадара. Мабыць, ён сам яго асцерагаецца.

Гэта вельмі небяспечная сітуацыя і зноў жа нагода для нас усіх не проста сядзець і аналізаваць, а думаць, што рабіць. І палітыкам, і чыноўнікам, і журналістам у тым ліку.

Мяне здзіўляе, што вось сёння ў незалежных медыях вельмі мала ўвагі надаецца сапраўдным лідарам беларускай апазіцыі. Людзям, якія давялі ўсім сваім жыццём вернасць краіне. Гэта Мікалай Статкевіч, які адседзеў у турме 8 гадоў. Гэта Павал Севярынец, які таксама шмат гадоў правёў на «хіміі», і пад арыштам. Гэта Максім Вінярскі, які на кароткатэрміновых арыштах ужо, напэўна, паўтара года адседзеў. А ў медыях надзімаюцца нейкія дзіўныя персанажы, увогуле хітруны і прайдзісветы, часта людзі, звязаныя са спецслужбамі. А пра людзей, якія сапраўды могуць стаць на чале краіны, якія сёння ахвяруюць сваім жыццём часта маўчаць. Трэба мяняць сітуацыю, таму што сёння гэта небяспечна.

- Я думаю, што мы разам гэта робім. Таму што на нашым канале ўсе названыя людзі з'яўляюцца рэгулярна.

- Да «Белсату» ў мяне няма прэтэнзій. Я вас вельмі люблю, гляджу і вельмі ўдзячная вам за салідарнасць з сайтам «Хартыя-97».

- Таксама дзякуем за салідарнасць сайту «Хартыі».

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках