Беларусы абараняюць Курапаты
8- 5.04.2019, 11:23
- 32,770

(абноўлена) Затрыманы Павал Севярынец і Ніна Багінская.
У пятніцу, 5 красавіка, у Курапатах сабраліся абаронцы народнага мемарыяла, каб перашкодзіць рабочым нішчыць крыжы, калі тыя пачнуць гэта рабіць. Ва ўрочышчы другі дзень праводзяцца «працы добраўпарадкавання»: па перыметры лесу, на месцы знішчаных напярэдадні крыжоў, ставіцца плот.
Сярод тых, хто прыйшоў сёння на «Галгофу» палітык Павел Севярынец, Ніна Багінская, якая прыйшла з вялікім бел-чырвона-белым сцягам, Вячаслаў Сіўчык, кіраўнік менскай ячэйкі БНФ Зміцер Каспяровіч.
Charter97.org праводзіць онлайн-трансляцыю акцыі. Відэа - Белсат.
11.55
Акцыя закончылася, удзельнікі дамовіліся сабрацца зноў а 16.00, як заклікаў у пачатку акцыі Павел Севярынец.
11.49
Актывісты накіраваліся да «Галгофы», каб памаліцца за Курапаты.
11.41
Міліцыя затрымала Паўла Севярынца і Ніну Багінскую.


11.40
Працы ў Курапатах аднавіліся, едуць бульдозеры.
11.36
Работы часова прыпыненыя дзякуючы актывістам.

11.32
Міліцыя спрабуе затрымаць Ніну Багінскую, якая патрабуе ад супрацоўнікаў міліцыі, каб яны выключылі гучную вясёлую музыку.
11.30
Да ўдзельнікаў акцыі прыйшоў палкоўнік міліцыі і спрабуе адцясніць іх ад рабочых. Павел Северынец сказаў, што гэта палкоўнік Удодаў, намеснік начальніка Менскага РАУС.
11.28
«Калі вы паспрабуеце нішчыць крыжы, мы вам не дазволім гэтага зрабіць», - заявіў Павел Севярынец будаўнікам.
11.27
Удзельнікі акцыі адправіліся да будаўнікоў, якія праводзяць работы ў Курапатах.
11.25
Павел Севярынец прапанаваў сёння а 16.00 правесці ў Курапатах аб'яднаную акцыю разам з актывістамі, пікетоўцамі рэстарана «Поедем поедим».

11.20
Удзельнікі акцыі пастанавілі зладзіць штодзённую вахту ва ўрочышчы для абароны Курапатаў ад разбурэння ўладамі.
11.10
Павел Севярынец прапанаваў падтрымаць малебен у нядзелю 7 красавіка а 12.00 на плошчы Свабоды ля Менскага Свята-Духавага кафедральнага сабора, да якой заклікаў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч.
11.00
Удзельніцы акцыі выканалі гімн «Магутны Божа».