Медыкі назвалі лекі, якія трэба тэрмінова прымаць пры «амікроне»
11- 19.01.2022, 14:11
- 44,464
Таксама неабходна вымяраць тэмпературу цела як мінімум тры разы на дзень.
Пры першых прыкметах заражэння штамам каранавіруса «амікрон» неабходна выканаць пэўныя дзеянні. Аб гэтым заявіла галоўная інфекцыяністка дэпартамента аховы здароўя Масквы Святлана Смятаніна, паведамляе ТАСС.
У першую чаргу трэба выпіваць амаль 2 л вадкасці на дзень, вымяраць тэмпературу цела 3 разы на дзень, а таксама прымаць гарачкапаніжальныя прэпараты.
Калі тэмпература 38 і вышэйшая трымаецца больш за 3 дні, трэба выклікаць лекара, адзначыла спецыялістка.
Са слоў інфекцыяністкі, каб аблегчыць боль у горле, можна прымаць антымікробныя і супрацьзапаленчыя прэпараты, а для ліквідацыі закладзенасці носа - прамываць яго растворам на марской вадзе.
Пры гэтым Смятаніна не выключыла магчымае выкарыстанне супрацьвірусных лекаў.
Раней рэкамендацыі па лячэнні першых сімптомаў «амікрону даў галоўны спецыяліст у медыка-санітарнай дапамозе даросламу насельніцтву дэпартамента аховы здароўя Масквы Андрэй Цяжэльнікаў.
Ён нагадаў, што асноўныя сімптомы гэтага штаму каранавіруса - боль у горле і цягліцах, слабасць і стамляльнасць, павышаная тэмпература, сухі кашаль, галаўны боль і катар.
Пры выяўленні ў сябе такіх прыкмет спецыяліст рэкамендаваў заставацца дома. Гарачкапаніжальныя лекі трэба піць толькі пры тэмпературы, вышэйшай за 38 градусаў, падкрэсліў Цяжэльнікаў.
Са слоў лекара, антыбіётыкі супраць COVID-19 не працуюць. Замест іх ён параіў прымаць супрацьвірусныя і супрацьзапаленчыя прэпараты.
Таксама пры першых сімптомах «амікрону» спецыяліст парэкамендаваў выкарыстоўваць кроплі ад катару, паласкаць горла і прамываць нос салявым растворам.