«Жыву з нюхальнымі галюцынацыямі»
17- 22.06.2022, 15:03
- 9,060
Беларус перахварэў на COVID-19 паўтара гады таму, але дагэтуль пакутуе.
22-гадовы Паша Цеплата пасля таго, як перахварэў на COVID-19, паўтара года жыве без нармальнага адчування пахаў - спачатку страціў нюх, а пасля пачаліся нюхальныя галюцынацыі і перакручанае ўспрыманне звыклых пахаў.
«Ну і што, нічога страшнага, бывае, неўзабаве адновіцца», - казалі Паўлу. Аднак наступствы COVID-19 так і не зніклі.
«566 дзён без пахаў, - дзеліцца актывіст сваёй гісторыяй у «Фэйсбуку».
— Я харчуюся выключна маленькім наборам прадуктаў, зусім не магу есці большасць свежай гародніны і садавіны, ягад. Усё тое, што радуе вас летам, тыпу смузі, марозіва, халодных кактэйляў на ягадах і садавіне, з сіропамі - для мяне гэта ўсё невыносны смурод.
Я заўсёды вельмі моцна рэагаваў на пахі, бо маю некаторую блізкасць з разладам аўтыстычнага спектру. І апошнія паўтара гады маё жыццё — гэта сапраўднае пекла ў гэтым плане. Кожны рэзкі пах усё жыццё выклікаў у мяне моцныя мігрэні, нервовыя цікі, часта пэўныя пахі - і трывогу, паніку.
Я не магу паўнавартасна харчавацца, я не магу карыстацца большасцю бытавой і іншай хіміі, людзі ў грамадскіх месцах, якія абліваюць сябе флаконам духаў, заўсёды былі для мяне праблемай, але цяпер бывае, што я проста не магу зайсці туды, куды хачу, бо там чарговы чалавек, як парфумерная фабрыка, ці таму, што там так моцна пахне цытрусам, ваніллю ці яшчэ нечым для вас, а для мяне — тухлым, агідна кісла-гнілым.
Пахі такімі, якімі вы іх ведаеце, я ўжо і не памятаю. Я пачаў забываць пахі крыху менш за год таму. Цяпер я ўжо амаль не магу ўявіць сабе пах, якім ён з'яўляецца насамрэч. Мне вельмі незразумела і складана ацаніць смак ежы, бо для мяне ўсё проста салёнае, кіслае, салодкае, горкае. Я не ведаю смакаў, бо смакі - яны ад пахаў. А мне гэта недаступна.
Мне часта мроіцца пах гары або газу. Я пачынаю ў паніцы бегаць па кватэры і правяраць, ці нідзе нічога не гарыць, ніводная з разетак не іскрыць, ці выключаны газ, духоўка.
У выпадку ж рэальнай небяспекі, хутчэй за ўсё, я не адчую паху газу, калі страчу пільнасць і не звярну ўвагі на тое, што мне нешта вельмі моцна смярдзіць», - распавёў ён.