Лекар Мікіта Салавей: У Беларусі – новы ўсплёск захворвання на COVID-19
19- 2.08.2022, 9:44
- 10,044
Вядомы лекар назваў тых, хто трапляе ў групу рызыкі.
Былы галоўны інфекцыяніст Менска Мікіта Салавей перасцерагае і папярэджвае: досвед ягоных апошніх дзяжурстваў у інфекцыйнай лякарні паказвае, што ў Менску зноў пачаўся паступовы рост захворвальнасці на COVID-19. Неабходна засцерагацца і абавязкова прышчапляцца.
Паводле словаў лекара, усё большая колькасць пацыентаў, якія маюць клінічныя праявы вострай рэспіраторнай інфекцыі (гарачка, кашаль, катар, болі ў горле, дыскамфорт у грудной клетцы, дыхавіца і г.д.), атрымліваюць пры абследаванні станоўчы вынік тэсту на каранавірус.
Сярод тых, каго даводзіцца шпіталізаваць, па-ранейшаму пераважаюць непрышчэпленыя людзі з групы рызыкі.
Асобная група пацыентаў, паводле словаў Салаўя – гэта асобы з сур'ёзнай спадарожнай паталогіяй (цукровым дыябетам, сардэчнай недастатковасцю, дрэнна кантраляванай артэрыяльнай гіпертэнзіяй, хранічнай абструктыўнай хваробай лёгкіх і інш.). У іх каранавірусная інфекцыя працякае толькі з гарачкай і інтаксікацыяй, без сур'ёзнай непасрэднай паразы лёгкіх, аднак прыводзіць да абвастрэння ўжо наяўных раней захворванняў.
Паводле словаў вядомага лекара, «ізноў становяцца актуальнымі простыя сродкі стрымлівання распаўсюджвання інфекцыі, якія даказалі сваю эфектыўнасць у сотнях даследаванняў, – нашэнне масак у месцах масавага збору людзей, асабліва ў абмежаваных замкнёных прасторах, абмежаванне наведвання людных месцаў без крайняй неабходнасці, гігіена рук, сацыяльнае дыстанцыяванне». І, вядома, вакцынацыя як аснова ўсяго.
«І калі вам (часта з няведання) кажуць, што пры нейкім стане супрацьпаказаная вакцынацыя супраць COVID-19, – сумнявайцеся. Наадварот, практычна любая хранічная паталогія павялічвае рызыкі цяжкай плыні каранавіруснай інфекцыі, і карысць вакцынацыі пры гэтым адназначная», – піша Мікіта Салавей.