22 лiстапада 2024, Пятніца, 3:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Больш, чым СМІ: сайту «Хартыя’97» - 25 гадоў

44
Больш, чым СМІ: сайту «Хартыя’97» - 25 гадоў

Нас, «хартыйцаў», мільёны.

Увосень гэтага года адзін са старэйшых інфармацыйна-палітычных сайтаў беларускага інтэрнэту «Хартыя’97» адзначыў сваё 25-годдзе.

11 верасня 1998 года на Сharter97.org прыйшлі першыя наведвальнікі. З таго часу на працягу 25 гадоў «Хартыя’97» была ў самым цэнтры найважнейшых для Беларусі падзей, адной з першых кожны дзень паведамляючы сваім чытачам праўду пра тое, што адбываецца ў краіне.

Наталля Радзіна

Пра тое, як ствараўся самы папулярны незалежны сайт навін Беларусі, што адбылося за гэтыя гады і якія перамены магчымыя найбліжэйшым часам, распавяла галоўная рэдактарка Charter97.org Наталля Радзіна.

- Сайту «Хартыя’97» споўнілася 25 гадоў. Раскажыце, як пачынаў працаваць сайт, як ён быў створаны?

- У 1997 годзе ўзнікла грамадзянская ініцыятыва «Хартыя’97». Яе мэтай было аб'яднанне дэмакратычных сілаў для барацьбы з дыктатурай Лукашэнкі, пабудова свабоднай дэмакратычнай Беларусі.

Апублікаваны 10 лістапада 1997 года ва ўсіх незалежных СМІ дакумент «Хартыі'97» спачатку падпісалі 100 самых вядомых палітычных, грамадскіх і культурных дзеячаў: Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Генадзь Карпенка, Станіслаў Шушкевіч, Алесь Бяляцкі, Мечыслаў Грыб, Юрый Хашчавацкі, Пётр Марцаў, Віктар Івашкевіч, Уладзімір Мацкевіч, Мікалай Халезін, Станіслаў Багданкевіч, Юрый Хадыка, Мікалай Статкевіч, Юрый Захаранка, Міхаіл Марыніч, Алег Бябенін, Зміцер Бандарэнка, Андрэй Саннікаў і многія іншыя.

Пад тэкстам «Хартыі» вельмі хутка падпісалася 100 000 беларускіх грамадзян. І гэта была сапраўды важная падзея ў беларускім палітычным жыцці, таму што ў гэтым працэсе ўдзельнічалі многія структуры грамадзянскай супольнасці, палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі, рэдакцыі незалежных СМІ. Для каардынацыі гэтай дзейнасці быў створаны, у тым ліку, прэс-цэнтр аргкамітэта «Хартыі’97». Прэс-сакратаром грамадзянскай ініцыятывы быў Алег Бябенін.

Алег Бябенін

Прэс-цэнтр выдаваў праваабарончы бюлетэнь вялікімі тыражамі, улёткі, рассылаў прэс-рэлізы аб дзейнасці беларускіх апазіцыйных рухаў і партый у незалежныя медыі, удзельнічаў у арганізацыі масавых акцый пратэсту аб'яднаных дэмакратычных сіл.

Першыя часы прэс-цэнтр «Хартыі’97» знаходзіўся ў памяшканні, прадстаўленым свабоднымі прафзвязамі на плошчы Свабоды. Там жа знаходзілася рэдакцыя газеты «Рабочы» і сакратарыят Беларускага народнага ўніверсітэта, які з'яўляўся адным са шматлікіх праектаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97». Тады я брала ўдзел у працы прэс-цэнтра «Хартыі’97» як валанцёрка.

Ініцыятыва адзначыла сваё 25-годдзе летась. У сайта ж юбілей сёлета.

На пачатку восені 1998 года міжнародны каардынатар «Хартыі’97» Андрэй Саннікаў прапанаваў стварыць сайт ініцыятывы, каб мы ішлі ў нагу з часам. Натуральна, рэалізацыяй гэтай ідэі заняўся Алег Бябенін.

Алег шмат размаўляў з першымі беларускімі праграмістамі (тады іх называлі кампутарнікамі) і разбіраўся ў новых тэхналогіях, якія для многіх тады былі чымсьці недаступным і малазразумелым.

Тады праходзілі пастаянныя сустрэчы беларускіх праграмістаў ля «Белдзяржфілармоніі» на плошчы Якуба Коласа. У 1990-я тамака збіраліся самыя прасунутыя праграмісты, размаўлялі на сваёй прафесійнай мове, абменьваліся досведам, стваралі першыя праекты. І Алег быў пастаянным удзельнікам гэтых сустрэч. Там ён знайшоў праграмістаў, якія дапамаглі напісаць сайт і запусціць яго.

Чым «Хартыя’97» адрознівалася ад іншых сайтаў арганізацый, якія існавалі на той час? Тыя старонкі былі статычнымі. Гэта, як правіла, была «вітрына», дзе размяшчалася кароткая інфармацыя аб арганізацыі, нейкія кантактныя звесткі. Ну, а «Хартыя’97» практычна адразу стала навінным і праваабарончым рэсурсам, бо ўжо праз два месяцы перайшла на штодзённае навінавае абнаўленне. Charter97.org - найстарэйшы незалежны навінавы сайт краіны.

Адной з галоўных задач Хартыі’97 як ініцыятывы была абарона правоў людзей, асабліва тых, хто зазнаў ціск і рэпрэсіі з боку дыктатарскай улады. Была распрацаваная сістэма калектыўнай бяспекі: кожны, хто зазнаў пераслед, мог разлічваць на грамадскую дапамогу (аплату адваката, атрыманне перадачы ў турму, наданне юрыдычнай дапамогі), і ў гэтым механізме вельмі важную ролю адыгрываў сайт Charter97.org. Інфармацыя аб арыштах і іншым незаконным пераследзе з'яўлялася на сайце, у тым ліку на англійскай мове, і імгненна гэтую інфармацыю маглі даведацца ва ўсім свеце. Для ўладаў гэта было сапраўдным шокам, бо пра тое, што ў Менску разагналі дэманстрацыю, адразу станавілася вядома міжнародным праваабарончым арганізацыям, заходнім палітыкам і сусветным медыям. Цяпер гэта здаецца натуральным, але тады нават простыя міліцыянты былі ў шоку, таму што пра іхнія дзеянні імгненна даведваўся ўвесь свет, а літаральна на наступны дзень у многіх краінах праходзілі акцыі салідарнасці з беларусамі, якія змагаюцца.

- Як вы зразумелі, што сайт стаў топавым? Быў нейкі такі момант, калі вы прыйшлі на працу і зразумелі, што гэта ўжо не звычайны сеткавы рэсурс?

- Непасрэдна на сайт я прыйшла працаваць у 2001 годзе на запрашэнне Алега Бябеніна. Да гэтага я працавала ў незалежных выданнях «Имя», «Свабода», «Наша свабода», «Навіны», «Народная воля». Гэтыя газеты сталі паступова закрывацца. Чыноўнікі закідвалі іх пазовамі, а падкантрольныя суды закрывалі адно выданне за іншым. Стала зразумела, што будучыняй у працы незалежнага журналіста становіцца інтэрнэт.

Дагэтуль сайт з карпаратыўнай старонкі грамадзянскай ініцыятывы стаў сапраўдным незалежным рэсурсам навін. Інфармацыйную палітыку сайта вызначаў ягоны галоўны рэдактар Алег Бябенін і толькі ён.

Гэта быў раскручаны вядомы рэсурс, прычым не толькі ў Беларусі, але і на тэрыторыі былога СССР. Ім карысталіся ўжо ўсе журналісты ў краіне, бо ён вельмі аператыўна абнаўляўся. Тамака былі сапраўды цікавыя матэрыялы, яго чытала шмат беларусаў.

І Алег ужо да 2001 году зрабіў гэты сайт топавым, таму што тамака быў вельмі добра падабраны кантэнт. Была і хроніка акцый пратэсту, якія праходзілі тады ў Беларусі, і праваабарончая інфармацыя, і журналісцкія расследванні аб карупцыі і злачынствах рэжыму.

«Хартыя'97» была ля вытокаў расследаванняў выкраданняў лідараў беларускай апазіцыі, якія адбыліся ў 1999-2000-х гадах. Шмат пісала пра непасрэднае дачыненне ўладаў да забойстваў Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Генадзя Карпенкі, журналіста Змітра Завадскага.

Калі я прыйшла, гэта ўжо быў партал са сваім тварам, са сваёй пазіцыяй, цвёрдай і прынцыповай. Мне было зразумела, што гэта за рэсурс. І гэта абсалютна адпавядала маім унутраным перакананням, таму што я хацела займацца менавіта такой журналістыкай.

Я ўжо сутыкнулася ў рэдакцыях незалежных газет з сур'ёзнай цэнзурай і самацэнзурай - і мне гэта вельмі не падабалася.

Не буду называць прозвішчы і назвы выданняў, але скажу, што апошняй кропляй для мяне стала наступная сітуацыя. Я правяла журналісцкае расследаванне і знайшла важкія довады датычнасці ўладаў да карупцыі і заказнога забойства дырэктара аднаго з беларускіх заводаў. Але пасля публікацыі матэрыялу начальнік папрасіў мяне напісаць зняпраўджванне, бо на яго пачалі ціснуць.

Я адмовілася гэта зрабіць і неўзабаве сышла з гэтай газеты ў «Хартыю». Я ведала, што Алег Бябенін ніколі такога не дапусціў бы.

- А якім наогул чалавекам быў Алег Бябенін? Чаму ягоная смерць так ускалыхнула людзей? У чым сакрэт ягонай асобы?

- Алег быў вельмі смелым. Ён сапраўды хацеў дабіцца для Беларусі свабоды. Гэта было мэтай ягонага жыцця. У многіх жа якія ў жыцці мэты? Усяго як мага болей, цяплей, мякчэй і сытней. Вядома, усе мы людзі і хочам неяк нядрэнна жыць, але ж павінны быць нейкія вышэйшыя мэты.

Да працы ў журналістыцы Алег займаўся «чаўночным» бізнэсам і нават зарабіў вельмі нядрэнныя грошы па тых часах. Аднак потым поўнасцю сышоў у журналістыку. Ён меркаваў, што толькі кажучы людзям праўду можна змяніць жыццё ў краіне.

Дзеля гэтай мэты ён быў готаў рызыкаваць сабой. Бо нам ужо тады, у 1990-х, было зразумела, што гэтая ўлада да дабра не давядзе.

Алег, дарэчы, навучыў мяне адной важнай рэчы. Я ж заканчвала факультэт журналістыкі БДУ. І дзякуючы Алегу зразумела, што не трэба заганяць нас, журналістаў, у нейкія рамкі, як гэта ўвесь час спрабуюць рабіць, кажучы, што «журналістыка мусіць быць над сутычкай». Гэта значыць, ён нібыта не павінен быць «палітызаваны», і ў журналіста не павінна быць меркавання - ён павінен быць выключна «нейтральным».

Алег жа казаў, што ў сітуацыі дыктатуры гэтая «нейтральнасць», фактычна, амаральная. Хто б ты ні быў паводле прафесіі, ты мусіш быць на баку людзей, якіх гэтая дыктатура спрабуе знішчыць.

Нам было відавочна, што, напрыклад, дыктатура заўсёды хлусіць. І што - даваць яе прапаганду на сайце? Які ў гэтым сэнс?

«Хартыю’97» часта абвінавачвалі, што яна дае пункт гледжання апазіцыі, а не дае прапаганду ўладаў. Але ж гэта абсалютная лухта, бо, на мой погляд, тэмы Лукашэнкі заўсёды хапала на сайце і ў тыя гады мы актыўна карысталіся, у тым ліку інфармацыяй БелТА і іншых афіцыйных крыніц. Але ў сітуацыі дыктатуры, як і ў сітуацыі вайны, якую вядуць сёння супраць Украіны Расея і рэжым Лукашэнкі, галоўная задача асвятляць тыя факты і тэмы, якія ўлады свядома хаваюць.

Мы з Алегам разумелі ўжо тады, што наша задача – даваць альтэрнатыўны ўладзе пункт гледжання, таму што ва ўладаў ёсць вялікі прапагандысцкі рэсурс, і ён застаецца ў іх дагэтуль. Гэта ўсе тэлеканалы, усе радыёстанцыі, гэта вялізная колькасць газет і сайтаў: так было тады, так і цяпер.

І нашая задача — супрацьстаяць таму інфармацыйнаму ціску, які робіць на людзей дыктатарскі рэжым. Тое, што сайт Charter97.org і сёння застаецца вядучым інфармацыйным рэсурсам, кажа аб тым, што наша лінія карыстаецца падтрымкай людзей.

Таму Алег быў празорцам у беларускай журналістыцы. Ён разумеў, што па-сапраўднаму незалежным медыям трэба працаваць менавіта ў такім рэчышчы.

Яшчэ хацела б дадаць: Алег валодаў магутнай стваральнай энергіяй. Гэта мне ў ім падабалася найбольш. Ёсць людзі-візіянеры, якія заўсёды глядзяць неяк далей і бачаць, у якім кірунку будзе развівацца свет, а разам з ім тэхналогіі і медыя.

Ён вельмі любіў жыццё... І я ніколі не паверу ў тое, што ён мог скончыць жыццё самагубствам. Гэта проста немагчыма. Перакананая, і гэтаму ёсць вельмі шмат довадаў, што гэта ўсё ж такі палітычнае забойства.

- І вам ніколі не хацелася хоць на нейкі час пабыць «над сутычкай», не лезці на ражон? Смерць галоўнага рэдактара, разгром рэдакцыі ў 2010 годзе... Ніколі не ўзнікала такіх думак?

- Ніколі. Заўсёды было зразумела, што трэба працаваць і трэба працягваць, як бы складана не было.

Я не збіралася, напрыклад, з'язджаць з Беларусі і ведаю, што Алег не планаваў нікуды з'язджаць. Мы разумелі, што трэба змагацца да апошняга, пакуль ёсць хаця б нейкія магчымасці для працы.

І працавалі мы шмат, працавалі цяжка, працавалі без рэгістрацыі, бо, як казаў Зміцер Бандарэнка, партызанскія атрады ў гестапа не рэгіструюцца.

Працавалі на падпольных кватэрах, якія ўвесь час даводзілася мяняць, ва ўмовах дэфіцыту фінансавання, невялікімі калектывамі, у якія мы збіралі найлепшых людзей, і якія назаўжды застануцца нашымі сябрамі.

Мы хадзілі на ўсе акцыі пратэсту, якіх тады вельмі шмат праводзілася ў Беларусі. Дзяжурылі на плошчах пасля выбараў. Маніторылі сітуацыю з правамі чалавека. Пісалі вельмі шмат пра ўсіх палітычных зняволеных, якія ўвесь час былі ў Беларусі, праводзілі кампанію ў іх абарону.

Асаблівасцю «Хартыі’97» было тое, што мы не раскручвалі па чыёй-небудзь замове выдзіманыя постаці, але заўсёды пісалі пра тых людзей, якія рэальна ўплывалі на сітуацыю, рызыкуючы сабой. У офісе «Хартыі’97» на кухні заўсёды збіраліся фантастычныя людзі: палітыкі, журналісты, пісьменнікі, рэжысёры, праваабаронцы і ім заўсёды знаходзілася месца на сайце.

Гэта значыць, працы было вельмі шмат і, натуральна, яна знясільвала. Часам працоўны дзень у мяне пачынаўся на досвітку і заканчваўся ўжо за поўнач.

Але гэта быў такі запал! І адчуванне, што ты робіш важную, патрэбную справу. Ці гэта не шчасце?

У мяне ніколі не было сумневаў у абраным шляху. Таму што я перакананая, што колькі чалавек жыве, столькі ён павінен змагацца за свабоду - сваю і свайго народа.

Смерць Алега стала для ўсіх нас вялізным узрушэннем. І праз шмат гадоў гэты боль не адпускае кожнага з нас. Улады яго забілі, каб запалохаць нашую каманду і іншых журналістаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Ні разу не было нават думкі подлай: а можа, усё кінуць, вось забілі ж Алега. Гэта значыць, як гэта «ўсё кінуць»? Не, нават ні на секунду менавіта з-за Алега. Хаця я, вядома ж, таксама чалавек, жанчына, і мне было страшна. Але я сапраўды ведала, што трэба працягваць.

Ніхто з калектыву «Хартыі’97» на той момант, пасля смерці Алега, не сышоў. Усе засталіся, усё працягнулі сваю працу.

І нават калі 19 снежня 2010 года мяне арыштавалі і кінулі ў турму КДБ паводле крымінальнай справы, а журналістаў і валанцёраў сайта затрымалі і пасадзілі на 10-15 дзён на Акрэсціна, дзе на іх сур'ёзна ціснулі, мы не спыніліся.

Нават пасля гэтага сайт неўзабаве аднавіў працу з-за мяжы, дзе яго пачалі абнаўляць нашыя калегі і сябры, якія змаглі выехаць і пазбегнуць арышту.

І я памятаю, што самай радаснай навіной для мяне ў турме КДБ было даведацца, што сайт працуе. Бо мяне больш за ўсё турбавала не тое, што я сяджу ў турме, што я збітая, што ў мяне праблемы са здароўем. Мяне больш за ўсё турбавала, што сайт спыніў працу.

Памятаю, што ў камеры я думала толькі пра гэта. А потым, недзе праз тыдзень, аператыўнік сказаў мне на допыце: «Наталля Валянцінаўна, без вас сайт нейкі зусім не такі». А я думаю: «Божа, якое шчасце! Гэта значыць, ён працуе. Ура!»

І гэта было самай радаснай навіной.

- А як менавіта атрымалася захаваць сайт, нягледзячы на разгром рэдакцыі і арышты?

- Першай абнаўляць сайт, яшчэ знаходзячыся ў Беларусі, стала Юлія Бандарэнка, дачка каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітра Бандарэнкі. Тады гэта патрабавала вялізнай мужнасці.

Мы з Юляй працуем разам дагэтуль, і я ёй удзячная, як удзячная ўсім калегам, якія тады аднавілі працу «Хартыі’97». Асабліва ўдзячна Паўлу Марынічу, які дапамог наладзіць працу рэдакцыі сайта ў Літве, калі я ўжо прыехала ў Вільню.

— Пасля таго, што вы расказвалі, у галаву прыходзяць два вобразы: інфармацыйны спецназ і людзі з жалеза. Падзяліцеся сакрэтам: вы недзе спецыяльна рыхтаваліся псіхалагічна, недзе шукалі такіх жа «спецыяльных» людзей?

- Напраўду ніякіх асаблівых сакрэтаў няма. Мы проста людзі, якія высока матываваныя на барацьбу. Мы ўсе марым жыць у свабоднай дэмакратычнай Беларусі, дзе ніхто на цябе не будзе ціснуць, і дзе ніхто табе не будзе забараняць займацца, тым, што ты ўважаеш за патрэбнае ў рамках дэмакратычнага заканадаўства, дзе ты зможаш рэалізоўваць сябе, спакойна працаваць журналістамі і не баяцца, што ў кожны момант да цябе ўварвуцца ў рэдакцыю, як гэта было ў нас, вынесуць усю тэхніку, паб'юць, будуць цягаць на допыты і, урэшце, пасадзяць.

Найперш супрацоўнікі «Хартыі’97» — гэта людзі, якія нецярплівыя да несправядлівасці, якія не хочуць прагінацца пад злачынную ўладу. А ўжо асновам журналістыкі людзей заўжды можна навучыць.

Супрацоўнікі «Хартыі’97» - гэта каманда аднадумцаў, якія супадаюць па сваіх чалавечых якасцях і імкнуцца ўдзельнічаць у працэсе перамен. Бо калі ў чалавека няма гэтага жадання, то, як правіла, у нашых умовах з яго не атрымліваецца добрага журналіста: тады ён лёгка паддаецца ціску, у тым ліку з боку спецслужбаў.

І пачынаецца такая разбуральная для журналіста праца самацэнзуры. У выніку журналіст перастае быць журналістам. Калі ён увесь час баіцца закрануць то адну, то іншую тэму ці ў яго вялікі спіс людзей, з якімі небяспечна рабіць інтэрв'ю, то гэта ўжо не журналіст.

- Як вы думаеце, Лукашэнка баіцца «Хартыі’97»?

- Ён баіцца ўсялякай праўдзівай інфармацыі. Гэта было з самага пачатку. Калі ён прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе, першае, што ён стаў рабіць - пачаў браць пад кантроль медыі. Усе тэлеканалы адразу ж пачалі працаваць у прапагандысцкім рэжыме.

Потым ён закрыў ужо ў 1996 годзе адзіную незалежную радыёстанцыю ў FM-дыяпазоне "Радыё 101.2". І ўсе радыёстанцыі Беларусі сталі тады працаваць выключна на ўладу і даваць навіны выключна з дзяржаўных крыніц. А потым ён стаў знішчаць ужо непасрэдна прэсу, пра што я ўжо казала спачатку, закрываючы адно выданне за іншым. І газеты, якія засталіся пасля 2003 года, ужо працавалі паводле новых правіл. Было бачна, што іх ужо выдрэсіравалі дастаткова, і яны працуюць з сур'ёзнай ступенню самацэнзуры. Гэта трэба прызнаваць і трэба пра гэта казаць.

А пасля 2010 года «Хартыя’97» стала першым незалежным сайтам, на які абрынуліся такія рэпрэсіі, як забойства заснавальніка і галоўнага рэдактара, арышт ужо мяне як галоўнай рэдактаркі, бо я ёй стала пасля смерці Алега. Затрыманне журналістаў, разгром рэдакцыі, вымушаная эміграцыя…

Іншыя ж сайты навін сталі значна больш стрыманымі ў падачы інфармацыі што да таго, што адбываецца ў Беларусі.

Таму, канешне, Лукашэнка баіцца журналістаў і баіцца «Хартыі’97». Баіцца, бо разумее, што мы яму не падкантрольныя.

Чаму, напрыклад, я вымушана была пакінуць Беларусь і пачала ўжо ствараць рэдакцыю фактычна з нуля спачатку ў Вільні, потым у Варшаве? Таму што разумела, што мне ўнутры краіны не дадуць працаваць, што іх задача - узяць нас пад поўны кантроль.

Колькі разоў мне прапаноўвалі падпісваць паперы аб супрацоўніцтве з КДБ… У турме прапаноўвалі гэта некалькі разоў – і вельмі настойліва. І я зразумела, што яны будуць працягваць рабіць гэта ўжо пасля таго, як я апынулася на ўмоўнай свабодзе.

Пасля турмы КДБ мяне вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, забаранілі жыць у Менску, далі дзень на збор рэчаў - і я выехала ў Кобрын, дзе жылі мае бацькі. Там была таксама пад пастаянным кантролем. Штодзень да мяне прыходзіла міліцыя. Як толькі на сайце з'яўляліся артыкулы, якія іх не задавальнялі, мяне везлі ў КДБ. А не задавальнялі іх заклікі да эканамічных санкцый, якія я публікавала, бо ведала, што гэта сапраўды эфектыўны метад ціску на рэжым, каб ён вызваліў палітвязняў. Лютасць выклікалі і мае сведчанні аб катаваннях у турме КДБ.

Падчас чарговага допыту я папрасіла начальніка Кобрынскай суполкі КДБ Дзмітрыя Навіцкага даць мне «фармулёўку», каб я магла сказаць журналістам, чаму не магу выказваць сваё меркаванне. І фармулёўка была такая: вам забаронена выказваць ацэначнае меркаванне наконт сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Я зразумела, што гэтыя хлопцы з мяне не «злезуць». Іх задача, нават калі і не пасадзіць мяне, дык максімальна кантраляваць. Калі не буду падпарадкоўвацца, то зноў вярнуся ў турму КДБ. Мне казалі гэта проста ў вочы.

Працаваць на кароткім павадку ў КДБ мне не хацелася, таму ўцякла з краіны і мы працягнулі працаваць ужо з-за мяжы.

Я і сёння адчуваю, мы ўсе адчуваем, наколькі нас баяцца ўлады, таму нас, уласна, і заблакавалі першымі яшчэ ў 2018 годзе з-за таго, што ўлады спалохаліся вялізнага росту аўдыторыі «Хартыі’97».

Бо мы сапраўды працавалі непадцэнзурна, казалі праўду, называлі рэчы сваімі імёнамі. Працягваем гэта рабіць сёння і застаёмся ў лідарах беларускіх інтэрнэт-навін.

- А ў чым сакрэт таго, што, нягледзячы на ўжо амаль шэсць гадоў блакавання, сайт застаецца лідарам?

- Сакрэту асаблівага і няма. Проста кажы аб тым, што ўлады спрабуюць схаваць - і людзі будуць цябе чытаць. Называючы рэчы сваімі імёнамі, ты проста выконваеш самую галоўную функцыю журналіста.

Людзі разумеюць, што «Хартыя’97» - гэта абаронца іх правоў і іх інтарэсаў. Яны разумеюць, што на «Хартыі» не будуць баязліва маўчаць, калі адбываецца нешта катастрафічнае, калі ў Беларусі чыняцца злачынствы.

Яны ж адбываюцца зараз увесь час, штодня, і важна не спыняцца, важна працягваць працу, важна пісаць пра тое, што адбываецца ўнутры краіны. Важна заклікаць дэмакратычны свет рэагаваць на тое, што адбываецца ў Беларусі.

У нас сёння тысячы палітычных вязняў у турмах. Мы нават не можам падлічыць іх дакладную колькасць. Можна казаць, што іх блізу 8 000, а можа быць, нават больш.

Як можна маўчаць у гэтай сітуацыі і абыходзіць, напрыклад, гэтую тэму? У турмах апынуліся вельмі многія нашы сябры. І змагацца трэба і за іх жыццё, і за жыццё ўсіх астатніх беларускіх герояў, якія сёння зазнаюць жахлівы ціск і жыццю якіх пагражае небяспека.

Менавіта ў гэтым заўсёды была задача «Хартыі’97», пачынаючы з 1997 года: быць на баку людзей і змагацца за нашу краіну.

Мы таксама шмат увагі надаем таму, што адбываецца ў суседніх краінах, найперш гэта тычыцца вайны ва Украіне, таму што беларусы разумеюць, што наша будучыня залежыць ад зыходу барацьбы ўкраінскага народа. Таксама мы актыўна супрацьстаім лукашэнкаўскай і расейскай прапагандзе, даючы праўдзівую інфармацыю аб жыцці ў краінах ЕЗ, найперш, у Польшчы і краінах Балтыі.

Я ўдзячная кожнаму супрацоўніку «Хартыі’97», хто сёння сумленна і самааддана робіць сваю працу. Удзячная ўсім людзям, якія ў розныя гады былі чальцамі нашай каманды, не спракудзіліся і не здрадзілі.

- У велізарнай аўдыторыі «Хартыі», напэўна, ёсць людзі зусім рознага ўзросту і прафесій. Як, на вашую думку, зараз выглядае тыповы чытач сайта?

- Хацела б адзначыць, што вялізная аўдыторыя ў «Хартыі’97» з'явілася не сама сабой. У многім гэта заслуга тых людзей, якія пісалі для сайта і не баяліся даваць каментары і інтэрв'ю нашым журналістам. А гэта як прадстаўнікі беларускай інтэлектуальнай эліты, гэтак і сябры Беларусі за мяжой.

Не магу намаляваць нейкі сярэднестатыстычны партрэт чытача сайта, але магу меркаваць, што гэта людзі, якія, найперш (гэтак жа, як і мы), хочуць бачыць Беларусь свабоднай.

Калі кажуць «хартыйцы» — гэта ж не толькі пра нас, супрацоўнікаў рэдакцыі, а гэта яшчэ і пра ўсіх нашых чытачоў.

Бо што нас яднае? Жаданне змагацца і дамагацца свабоды для сябе і для сваёй краіны.

Мы з нашымі чытачамі - аднадумцы. Я заўсёды гэта вельмі добра адчувала. Пачынаючы з 2001 года, калі прыйшла працаваць у «Хартыю’97», адчувала гэтую шчыльную сувязь з чытачамі. Тое, наколькі мы сапраўды падобныя, наколькі мы звязаны агульнымі жыццёвымі прынцыпамі.

У нас заўжды была вельмі актыўная аўдыторыя. Я гэта бачыла, і не толькі дзякуючы форумам ці каментарам на сайце «Хартыі’97», зваротнай сувязі, якую мы ўвесь час атрымліваем ад нашых чытачоў. Я сустракала шматлікіх нашых чытачоў на акцыях пратэсту ў Менску і іншых гарадах Беларусі. Сустракаю іх сёння ва ўсіх краінах, куды б ні прыехала.

Ёсць такое адчуванне, што «Хартыя» - гэта такая вялікая дружная сям'я, якая складаецца з сотняў, тысяч, мільёнаў сваякоў.

- Былі нейкія цікавыя гісторыі, калі вас раптам на вуліцы пазавалі чытачы? Ці вы пазнавалі ў кімсьці свайго чытача?

- Увесь час пазнаюць. Такіх выпадкаў было вельмі многа.

Гэта заўсёды былі такія радасныя сустрэчы, калі людзі проста абдымаюць цябе, як старога сябра. Таму я і кажу, што мы ўсе - блізкія па духу, як бы «адной крыві».

Вядома, я заўсёды вельмі радуюся, калі да мяне падыходзяць людзі і кажуць: «Дзякую вашай камандзе за працу, якую вы робіце».

Гэта сапраўды вельмі важна, і гэта сур'ёзна падтрымлівае ўсіх журналістаў і супрацоўнікаў сайта «Хартыя’97».

Памятаю, была здзіўленая, калі легендарны Збігнеў Бжэзінскі, вядомы амерыканскі палітык і геастратэг, на сустрэчы са мной сказаў, што чытае «Хартыю'97», а кіраўнік выбарчай кампаніі Барака Абамы ў новых медыя Джо Роспарс распавёў, што ён навучаў сваіх актывістаў на прыкладзе працы беларускага сайта Charter97.org.

У турме КДБ, дзе я сядзела, усе ахоўнікі чыталі «Хартыю», а некаторыя нават дзяліліся інфармацыяй.

- А які момант сустрэчы са сваімі чытачамі быў самым нечаканым?

- На Плошчы ў 2010 годзе.

Канешне ж, я была на Плошчы 19 снежня 2010 года. Перад тым, як мяне арыштавалі ўжо непасрэдна ў рэдакцыі, мяне спачатку збілі на плошчы Незалежнасці, дзе ў той вечар адбываўся масавы пратэст супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.

Памятаю, што я патрапіла пад ногі амапаўцаў, збітую мяне цудам выцягнулі адтуль. Сябры павялі мяне да аўтамабіля «хуткай дапамогі» і раптам нехта сказаў: «Ой, «Хартыя» ідзе!». І народ тады расступіўся, утварыўся калідор, я праз яго ішла і людзі пляскалі. Гэтыя воплескі я памятаю ўсё жыццё. Нават зараз пры ўспаміне ў вачах слёзы.

- У 2020 годзе, падчас масавых пратэстаў у Беларусі, адбыўся невялікі, але цікавы рэбрэндынг: «Хартыя’97» стала «Хартыяй’97%». З чым гэта было звязана?

- Мы першапачаткова верылі ў магічную сілу лічбы 97 (смяецца) і гэта спрацавала ў 2020 годзе.

Людзі сталі заўважаць, што лічбы супалі: лічба 97 у назве сайта і лічба 97%, якую давалі незалежныя медыі ў 2020 годзе як адсотак насельніцтва, які выступае супраць рэжыму Лукашэнкі.

Вядома, гэта ўсё ж і вынік нашай працы — тое, што ў 2020 годзе ўжо ўвесь беларускі народ фактычна паўстаў супраць дыктатара.

І мы тады сталі «Хартыяй’97%». Перакананая, што і сёння ў Лукашэнкі няма падтрымкі людзей.

Думаю, што акрамя нейкіх зусім ужо азвярэлых карнікаў і здурнелых чыноўнікаў, няма ніводнага разумна адэкватнага чалавека, які будзе падтрымліваць састарэлага дыктатара. Ён па-ранейшаму застаецца «Сашам 3%», але з крамлёўскай падтрымкай.

- Што, акрамя адсоткаў, змянілася за гэтыя 25 гадоў на сайце? А што засталося нязменным?

- Усё вакол мяняецца: натуральна, што пры гэтым мяняюцца і інфармацыйныя рэсурсы. Медыі, мабыць, самая дынамічна развіваная сфера. Мы павінны ісці за часам.

І, вядома ж, мы зараз не толькі навінавы сайт: мы прысутнічаем ва ўсіх сацыяльных сетках, ствараем і свае YouTube-праграмы, мы актыўна працуем і ў «Тэлеграме», і ў «Інстаграме», і ў «ЦікТоку», і ў «Фэйсбуку» , і ў «Твітэры».

Канешне, не заўсёды стае сіл на тое, каб развівацца ў столькіх кірунках. Бо па-ранейшаму даволі складана знаходзіць фінансаванне для беларускага незалежнага інтэрнэт-рэсурсу. Але, тым не менш, мы імкнёмся ісці ў нагу з часам.

А нязменнай застаецца наша перакананасць, што трэба змагацца за свабоду ў сваёй краіне. Мы не можам заставацца ўбаку, мы не можам быць «над сутычкай».

Мы павінны рабіць усё магчымае і праводзіць актыўную інфармацыйную працу, тым больш зараз, як для беларусаў унутры краіны, так і за мяжой. Пасля 2020 года з Беларусі выехалі сотні тысяч чалавек, і нашая задача — зрабіць так, каб яны не забываліся на сваю краіну, каб працягвалі змагацца за палітычных зняволеных, якіх сёння вялізная колькасць у беларускіх турмах, каб яны патрабавалі ад Захаду ўвядзення эфектыўных санкцый супраць рэжыму, каб яны працягвалі нават на эміграцыі заставацца беларусамі.

Пры гэтым мы павінны працягваць працаваць для людзей унутры краіны, бо яны павінны атрымліваць праўдзівую інфармацыю аб тым, што адбываецца ў Беларусі, павінны разумець, што яны не адны, што яны не кінутыя, што барацьба працягваецца.

Вось гэта засталося нязменным. І пакуль ёсць «Хартыя’97», гэта будзе заўсёды.

Я вельмі ўдзячная ўсім, хто фінансава дапамагае сайту Charter97.org, як нашым буйным партнёрам, так і кожнаму нашаму чытачу, якія нас падтрымліваюць праз сістэму PayPal і на рахунак фонду «Хартыя’97». Толькі дзякуючы вашай дапамозе мы маем магчымасць выконваць сваю місію.

- А як вы бачыце вяртанне «Хартыі’97» у Беларусь? Якія падзеі павінны адбыцца для гэтага?

- Я не магу зараз называць нейкія канкрэтныя сцэнары, але ў тым, што ў рэжыму Лукашэнкі, як і рэжыму Пуціна, няма ніякіх перспектыў, я перакананая. Гэтыя два рэжымы ідуць зараз па шляху самаразбурэння і вельмі актыўна ўключыліся ў працэс самагубства.

Не думаю, што яны перажывуць вайну, якую абодва сёння вядуць супраць Украіны. Упэўнена, што гэта нязменна прывядзе да падзення абодвух рэжымаў.

І адбудзецца гэта, мабыць, найбліжэйшым часам. Я не думаю, што ў іх (Лукашэнкі і Пуціна - рэд.) ёсць шмат часу.

Думаю, год-два - і нас чакаюць цікавыя падзеі. У нас будуць сур'ёзныя шанцы на перамены.

- Якой вы бачыце будучыню сайта «Хартыя’97» у свабоднай Беларусі?

- Я мару аб тым, каб сайт вярнуўся ў Менск. Мару, каб там была рэдакцыя «Хартыі’97», каб працавалі рэгіянальныя аддзяленні ва ўсіх абласцях.

Мару, каб «Хартыя’97» была адной з вядучых незалежных медый у свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.

Вельмі хочацца працаваць у сваёй краіне і для сваёй краіны.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках