23 лiстапада 2024, Субота, 21:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бітва пад Оршай: Як нашы продкі ўжылі агнявы бой пры разгроме маскоўцаў

2
Бітва пад Оршай: Як нашы продкі ўжылі агнявы бой пры разгроме маскоўцаў

Тактыка Астрожскага спалучала паслядоўныя дзеянні адразу трох родаў войскаў.

Перамога князя Канстанціна Астрожскага над раццю маскоўскіх баяраў шмат у чым была вызначаная масавым ужываннем агнястрэльнай зброі, якая для пачатку 16 стагоддзя была сенсацыйнай навіной у ваенным мастацтве.

Маскоўскія ваяводы спадзяваліся на баявую моц войска, якое паспяхова змагалася паводле шаблонаў сярэднявечнага воінства. Цяжкая конніца наносіла таранны ўдар, а ворага дабівалі пры панічным адыходзе лёгкія вершнікі, якія засыпалі ўцекачоў залевай стрэлаў.

Тактыка Астрожскага ў бітве 1514 года пад Оршай спалучала паслядоўныя дзеянні адразу трох родаў войскаў. Гетман паставіў канкрэтныя задачы для сваёй пяхоты, кавалерыі і артылерыі. Апошняя згуляла вызначальную ролю ў разгроме саманадзейных ваяводаў Івана Чалядніна і Міхаіла Булгакава-Галіцы. Нездарма расейскі сучасны даследнік Пянской, аналізуючы ход Аршанскай бітвы, указаў на рэвалюцыйную тэндэнцыю ваеннай думкі Астрожскага. Аджылая сярэднявечная тактыка не вытрымала сутыкнення з тактыкай новага ладу, насычанай агнявым боем, хай і яшчэ недасканалай, але парахавой артылерыі.

У Еўропе даволі доўга стралковае агнястрэльнае ўзбраенне не вытрымлівала канкурэнцыі з арбалетамі і лукамі.

Але ў 15 стагоддзі бургундцы нанялі немцаў і фламандцаў з аркебузамі. Ужыванне кулеўрынаў пачало насіць масавы характар, прычым гэта прыкметна ўжо ў войнах Карла Смелага. Але спачатку страляць з грувасткіх аркебузаў было справай рызыкоўнай. Прылада доўга зараджалася, і спрытны хлопец з алебардай мог у лічаныя імгненні падабрацца да стралка, каб у лютасці знесці яму галаву адным магутным ударам. Меркавалася, што выкарыстанне агнястрэльнай зброі – доля мярзотнікаў, якім чужое ўсялякае паняцце высакароднасці, павагі да спаборніка на полі бою.

Гусіты першымі ва Усходняй Еўропе расправіліся з рыцарамі Габсбургаў, усталяваўшы невялікія гарматы ў сваіх вазах, з якіх яны з далёкай дыстанцыі маглі паспяхова граміць рыцарскі конны строй. Сваю тактыку чэхі экспартавалі вугорцам, якія сталі біць турак з дапамогай гарматаў на вазах ужо ў 1470-я гады. Нават бясстрашныя сіпахі і янычары вялікага султана падалі ніцма перад залпамі грукатлівых прыладаў.

Гетман Астрожскі, безумоўна, узгадваў у 1514 годзе тактыку літвінаў мінулых гадоў. Паказальная была сустрэча войскаў Вітаўта на полі Грунвальда з артылерыяй Тэўтонскага Ордэна. Храніст Ян Длугаш згадаў, што бамбарды рыцараў не змаглі спыніць атакі конніцы літвінаў праз няспрытнасць артылерыстаў, якія зрабілі ў наступоўцаў не больш за два стрэлы.

Адмовіцца ад арбалетаў польскую пяхоту ў 15 стагоддзі прымусіла з'яўленне рушніцаў (rusznica), якія цалкам перамаглі арбалет да пачатку Лівонскай вайны. Рушніцы ў бітве пры Клецку дапамаглі літвінам адолець татараў, якія не мелі такога ўзбраення і спадзяваліся на традыцыйныя лукі са стрэламі.

Паказальны бой пры Вішнеўцы 1512 года. Тады гетман Канстанцін Астрожскі пастанавіў выставіць перад татарскай конніцай трыста стральцоў з рушніцамі, якія залпамі пабівалі вершнікаў з сёдлаў. Татары спрабавалі засыпаць літвінаў стрэламі, але неслі жорсткія страты ад страляніны літвінскай пяхоты.

Досвед агнявога бою ўжо ў большых маштабах быў скарыстаны ў бітве пад Оршай 1514, калі гетман выставіў супраць маскоўцаў ужо не 300, але тры тысячы дасведчаных стралкоў ды яшчэ і з гарматамі. Білі маскавітаў не толькі з фронту, але і з флангаў, прастрэльваючы ўвесь баявы парадак наскрозь. Куля разбіла ў першых шэрагах князя Івана Іванавіча Цёмку Растоўскага, які камандаваў кастрамічамі ў Перадавым палку.

Характэрная падрыхтоўка, зробленая гетманам напярэдадні генеральнай баталіі, калі неабходна было ўтойліва выставіць на пазіцыі гарматы. Астрожскі паслаў прыкрыць пераправу гарматаў лёгкую кавалерыю, якая адагнала варту маскавітаў ад мастоў, што наводзіліся цераз раку Дняпро.

Па іх і прайшлі вазы з артылерыяй і боепрыпасамі. Лёгкая кавалерыя літвінаў выканала таксама манеўр, пасля якога, як піша нямецкі падарожнік Жыгімонт Герберштэйн у вядомых «Цыдулках аб Масковіі» (1549), ратнікі князя Міхайлы Івана Андрэевіча трапілі пад масаваны агонь літвінскай артылерыі. Змятаючы першыя шэрагі, артылерысты Астрожскага паслядоўна пераносілі агонь гарматаў на цэлі ў глыбіні маскоўскіх палкоў.

Фактычна гарматнікі Астрожскага сваім баявым мастацтвам падрыхтавалі галоўную контратаку закаванай у латы максіміліянаўскага тыпу цяжкай конніцы, якая наносіла ўдар дзідамі ў стуленай лініі. Гэтыя вершнікі жалезнай сцяной прыціснулі пабітых ворагаў да берагу ракі Крапіўны, у водах якой, як сцвярджае Пскоўскі летапіс, і патанула мноства воінаў Масковіі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках