Як беларусы ставяцца да вакцынацыі ад каранавіруса?
18- 15.01.2024, 19:42
- 9,438
Лічбы могуць здзівіць.
Хоць COVID-19 не сыходзіць з навін і пагражае новымі, цяжэйшымі штамамі, ідэя вакцынацыі супраць гэтага захворвання не надта папулярная ў беларусаў. Аб гэтым сведчаць вынікі апытання, праведзенага Інстытутам сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук. Рэспандэнтаў апытвалі праз тэлефон у чацвёртым квартале мінулага года.
Так, колькасць прыхільнікаў і праціўнікаў вакцынацыі ад каранавіруса выявілася амаль роўнай: за прышчэпкі выступаюць менш за палову апытаных — 45,2%, а супраць — 41,8%. Яшчэ 13% не змаглі вызначыцца са сваёй пазіцыяй.
Больш прыхільнікаў вакцынацыі сярод пенсіянераў (63,5%). Адказы адрозніваліся і ў залежнасці ад месца жыхарства: сярод гараджан лічбы былі прыкладна як і агулам па краіне, а вось сярод сельскіх жыхароў прыхільнікаў прышчэпак ад COVID-19 выявілася 52,9%, тады як праціўнікаў толькі 27,2%.
Нізкая папулярнасць вакцынацыі, магчыма, тлумачыцца зменай стаўлення да каранавіруса. Больш за палову (54%) беларусаў мяркуюць, што ён ужо стаў звычайным сезонным захворваннем, але 24,2% думаюць, што ён яшчэ застаецца сур'ёзнай праблемай для насельніцтва і патрабуе эпідэміялагічных захадаў. Кожны дзясяты мяркуе, што пандэмія сышла і больш не праблема. Сярод людзей сярэдняга і пенсійнага ўзросту такое меркаванне - рэдкасць, а вось сярод моладзі яго прытрымліваюцца 28,4%.
Пры гэтым толькі 14,2% сказалі, што яны хварэлі на COVID-19 цягам апошняга года, а 82,2% упэўненыя, што вірус іх за гэты час не закрануў.
Стаўленне да вакцынацыі ад грыпу выявілася практычна такім жа, як у выпадку з каранавірусам: 47,4% прыхільнікаў і 42,6% праціўнікаў.
Агулам жа толькі 30,7% рэспандэнтаў назвалі прышчэпкі сярод захадаў, якія асабіста яны цяпер ужываюць для прафілактыкі вірусных захворванняў (кавіда, грыпу або іншых). Большасць абмяжоўваецца мыццём рук, фізічнай актыўнасцю і вітамінамі, праветрываннем і ўборкай памяшканняў.