Аляксандр Мусіенка: Пуціна вельмі напалохалі пратэсты ў Башкартастане
21- 17.01.2024, 16:42
- 44,466
Сур'ёзны званочак для Крамля.
У расейскім Башкартастане ўспыхнулі пратэсты праз арышт мясцовага актывіста Фаіля Алсынава, які змагаўся са шкоднай вытворчасцю.
Пачаліся жорсткія сутыкненні з сілавікамі.
Пра што сведчаць гэтыя пратэсты? Сайт Charter97.org пагаварыў з палітычным экспертам, кіраўніком украінскага Цэнтра вайскова-прававых даследаванняў Аляксандрам Мусіенкам:
- Колькі б Пуцін не абвяшчаў, маўляў, «я чачэнец, я расеец, я башкір, я тувінец» і іншыя прапагандысцкія рэчы, яны не працуюць. Бо прырода пратэсту ў Башкартастане круціцца вакол таго, каб палепшыць жыццё на сваёй зямлі.
Гэтага вельмі баіцца Крэмль. А менавіта рухаў, якія будуць нагадваць аб тым, што Расея - федэрацыя. Адпаведна, яе суб'екты павінны мець паўнамоцтвы. Асабліва тыя, якія датычацца арганізацыі, скажам так, жыццядзейнасці ў асобных рэгіёнах.
Але паколькі цэнтральныя расейскія ўлады зрабілі ўсё, каб федэрацыя была толькі ў назве і на паперы, а не ў рэальных дзеяннях, мы зараз бачым вось такія паўстанні. Па-іншаму гэта і не назавеш.
Дарэчы, не разумею, як можна ставіць у віну Фаілю Алсынаву «распальванне нянавісці і міжнацыянальнай варожасці». Хіба нельга называць іншыя народы па імені? Алсынаў фактычна заклікаў башкіраў разумець, што яны жывуць на сваёй зямлі, маюць права голасу. Ён да гэтага апеляваў.
Башкіры маюць права ў сваім рэгіёне дыктаваць пэўныя ўмовы і гэта, вядома ж, вельмі не падабаецца федэральным уладам. Пуцін паталагічна гэтага баіцца і спрабуе здушыць. Колькі разоў ён ужо казаў аб пагрозе распаду Расеі? Часам ён часцей пра гэта гаворыць, чым нехта з украінскіх афіцыйных асоб.
Пуцін успрымае не толькі башкіраў, а і іншыя народнасці ў РФ, як абслуговы персанал імперскага цэнтра. Народы выключаюць з працэсу прыняцця пастаноў і зразумела, што, напрыклад, башкірам гэта не падабаецца. Яны пачынаюць заяўляць аб сваіх правах, гэта ўсё выліваецца ў сур'ёзныя акцыі пратэсту. Я сачу за тым, што тамака адбываецца, бачу магутныя сутыкненні. Гэта ўсё сур'ёзныя званочкі для Крамля.
- Якія патэнцыйна гарачыя месцы можна назваць на тэрыторыі РФ?
- Зараз мы бачым башкіраў. Думаю, што такім месцам можна назваць Якуцію і Карэлію. Не выключаю, што пры пэўных абставінах гэта могуць быць і тувінцы, народы Паволжа - Рэспублікі Марый Эл. Атрымліваецца, што Далёкі Усход, Паволжа і Поўнач - рэгіёны РФ, якія, як бы там ні было, будуць заяўляць пра свае правы ўсё часцей.
- Якія фактары павінны скласціся, каб мы ўбачылі працэс выхаду нацыянальных рэспублік са складу РФ?
- Усе гэтыя фактары будуць прадыктаваныя вайной супраць Украіны. Бо на фоне вайны, па-першае, працягваецца мабілізацыя. Людзей з гэтых рэспублік асабліва выхопліваюць на фронт: буратаў, тувінцаў, башкіраў. Яны самі не вельмі задаволеныя тым, што адбываецца. Ёсць выпадкі адмовы ад удзелу ў баявых дзеяннях.
Па-другое, на фоне гэтага адбываецца немінучае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі. Усё больш выдаткаў ідзе на абаронную прамысловасць і там распілоўваецца. Значыць, рэгіёны РФ атрымліваюць менш датацый.
Адсюль выходзіць трэці фактар, які будзе ўплываць: дзе ўзяць грошы, хто будзе інвеставаць у тыя ж выкапні? «Газпром» нясе страты і спыняе інвестыцыі ў новыя праекты - ім бракуе абсталявання, якое не пастаўляецца праз санкцыі.
Адпаведна, на гэтае месца прыйдуць кітайскія кампаніі. Гэта немінуча можа прывесці да таго, што некаторыя народы будуць баставаць і казаць, што Крэмль іх прадаў, а яны трапляюць у каланіяльную залежнасць яшчэ і ад Кітая.
Усё гэта ў сукупнасці, а таксама стратэгічныя памылкі крамлёўскай палітыкі прывядзе да паўстанняў. Названы мною клубок праблем нікуды не знікае, ён будзе толькі нарастаць. Усё гэта падагравае сітуацыю.