22 лiстапада 2024, Пятніца, 11:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шаленства дзеля шаленства

31
Шаленства дзеля шаленства
Ірына Халіп
Фота: «Наша Ніва»

Карнікі ператварыліся ў белы шум.

Калі хто-небудзь думаў, што крывасмокі ў форме і ў цывільным адзенні не прыйдуць да Таццяны Севярынец, Марыны Адамовіч, мамы Іллі Міронава, — гэты нехта прымудрыўся захаваць дзіцячую першародную наіўнасць. Бо адсутнасць усякіх меж стала зразумелай яшчэ пасля арышту Дар'і Лосік: прыйшлі, не пасаромеліся і нават, трэба думаць, ад бессані і адсутнасці апетыту пасля гэтага не цярпелі. Не шапталіся ў курылцы — маўляў, няёмка неяк выйшла, гаротная жанчына з маленькім дзіцем, муж сядзіць, і навошта нас туды паслалі.

Не, жэрлі сытна і спалі салодка. Не марнаваліся, не сумняваліся, не варушылі звілінамі. Так што да Марыны Адамовіч, у дом, дзе яна гадамі — і не першы раз — чакае мужа з турмы, суцяшаючыся хіба што ўтульным каціным варкатаннем, яны прыйшлі, бо дарожка ўжо даўно пратаптаная. І да Таццяны Севярынец, якая пасля ночы ў ізалятары апынулася ў шпіталі, таксама зусім спакойна, адрас добра вядомы, дык чаму б і не наведацца. Ілля Міронаў, які паспеў з'ехаць, амаль два дні з’язджаў з глузду, не ведаючы, што з ягонай мамай, калі падчас «хапуна» з ёй знікла сувязь.

Карнікі, напэўна, хацелі чаго-небудзь эфектнага, але не выйшла. Самі вінаватыя, на эфект нечаканасці яны ўжо не здатныя, бо штодзень у сваіх непатрэбных тэлеграм-каналах ды іншых сметніках яны тужліва мармычуць: прыйдзем да кожнага, не разнявольвайцеся, не мерцеся спаць спакойна, рыхтуйцеся, мы ўсіх знойдзем і ўсіх пакараем. А эфект выходзіць зусім адваротны.

Калі штодзень у двары страляюць, аднойчы перастаеш уздрыгваць, бо гэта становіцца звыклым. Калі тваё места бамбуюць два гады, ты перастаеш бегаць у сховішча. Мая кіеўская калега Оля расказвала, як на самым пачатку яна, як і большасць кіян, бегла ў сутарэнне пры першым сігнале паветранай трывогі. Потым насельнікаў сховішчаў пакрысе рабілася ўсё менш і менш. І не таму, што месцічы пакідалі Кіеў. Проста спакваля абвыклі да бамбавання.

Цяпер Оля, як шмат якія ейныя суайчыннікі, трымае каля ўваходных дзвярэй торбу з рэчамі і торбу для ката. Але калі ўмыкаецца сірэна — не бяжыць, а проста адчыняе дзверы, каб не заклінавала, і ідзе з катом у ванны пакой, дзе самае бяспечнае месца ў кватэры. Там і пераседжваюць трывогу. Так, кажа яна, робяць амаль усе.

Так і з беларусамі. Калі штодзень прыходзяць і арыштоўваюць адных, іншыя ўрэшце перастаюць услухоўвацца ў начную цішыню — ці не грукнулі дзверы пад'езда, ці не падышлі да дзвярэй ворагі, — а проста ставяць каля дзвярэй торбу з рэчамі, якія ў выпадку арышту могуць спатрэбіцца, і кладуцца спаць. Зусім як у Булгакава, памятаеце?

«– А што гэта за крокі такія на ўсходах? — спытаў Кароўеў, гуляючы лыжачкай у кубачку з чорнай кавай.

- А гэта нас арыштоўваць ідуць, — адказаў Азазэла і выпіў чарку каньяку.

- А, ну-ну, — адказаў на гэта Кароўеў».

Карнікі з усімі іхнімі карнымі метадамі сталі для беларусаў нечым накшталт белага шуму. І ніхто ўжо не спрабуе шукаць у іхніх дзеяннях хоць які сэнс. Ніхто не задае пытанняў «чаму менавіта цяпер?» або «а гэтага за што?». Усе разумеюць, што шаленства робіцца дзеля свайго шаленства, і дзеянні іхнія — не кампанія запалохвання, а проста баўленне часу, бо бавіць час па-іншаму яны не ўмеюць. Ні дапамагаць людзям, ні чытаць, ні думаць —нічагуткі. Бессэнсоўны белы шум.

Украінцы ўжо пачалі ўспрымаць менавіта так расейскія ракеты, якія ляцяць на іхнія месты. А для беларусаў карнікі з іхнімі паходамі па дамах выглядаюць гэтак жа, як тыя расейскія ракеты. Дакладней, як расейскі вайсковы карабель з адпаведным курсам.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках