21 лiстапада 2024, Чацвер, 13:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: Для Лукашэнкі гэта будзе цяжкі ўдар

25
Палітолаг: Для Лукашэнкі гэта будзе цяжкі ўдар
ЗМІЦЕР БАЛКУНЕЦ

Дыктатара ў Гаагу можа здаць уласнае асяроддзе.

Міжнародны крымінальны суд (МКС) прыняў пакет дакументаў, якія даказваюць учыненне злачынстваў падчас жорсткіх рэпрэсій у Беларусі. Гэта было зроблена на запыт Літвы, якая з'яўляецца падпісантам Рымскага статута. Доўгі час менавіта Літва займалася зборам довадаў аб тым, што ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м уладамі ўчыняліся шматлікія злачынствы супраць чалавечнасці.

Наколькі гэта перспектыўны кейс і ці можа Лукашэнка атрымаць ордэр на арышт? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з палітолагам Змітром Балкунцом:

- Я мяркую, што Лукашэнка даўно заслужыў ордэр на арышт. Добра, што знайшлася краіна, якая гэта зрабіла. Пытанне толькі ў тым, чаму яны гэтыя чатыры гады цягнулі, бо шмат ахвяр за гэты перыяд. Але гэта важны крок на шляху да аднаўлення справядлівасці.

Усе астатнія краіны, якія падзяляюць гэты пункт гледжання, павінны здзейсніць той жа самы ўчынак і як мінімум падпісацца пад заявай, якая была перададзена з боку Літвы ў Гаагу. Я думаю, што гэта ўзмацніла б пазіцыю бакоў. Памятаю ад сваіх размоў з некаторымі еўрапейскімі дыпламатамі, калі я ў іх пытаўся, чаму вы не робіце смелы крок і не падаеце дакументы ў МКС, адказ быў вельмі банальны і просты: яны баяцца, што іх пасольствы ў Менску закрыюць.

Але я думаю, што ў гэтай сітуацыі краіны Еўрапейскага Звязу павінны выбіраць, што для іх першаснае — альбо дэмакратычныя каштоўнасці і правы чалавека, альбо нейкі будынак у Менску, дзе знаходзіцца нейкі амбасадар ці дарадца, які нічога не робіць. Таму я мяркую, што для Лукашэнкі гэта выклік.

І не толькі, дарэчы, для яго. Я так разумею, што ў спіс увайшлі яшчэ шэраг асоб вышэйшага кіраўніцтва Беларусі, якія маюць дачыненне да пэўных правапарушэнняў, у тым ліку ў дачыненні да не толькі беларусаў, але і грамадзян іншых краін Еўрапейскага Звязу.

Яшчэ важны момант — нават калі Лукашэнка будзе ў нейкай перспектыве ў будучыні мець пэўны імунітэт ці абарону, то людзі, якія знаходзяцца ніжэй у гэтай вертыкалі ўлады, якія трапілі ў гэты спіс (а я падазраю, што там ёсць кіраўнік КДБ Церцель і шэраг іншых персанажаў), то вось гэтым персанажам выкруціцца будзе даволі складана. Бо Лукашэнка не стане ў нейкім выглядзе, фізічным ці іншым, гэтых людзей абараняць.

Яны вымушаны будуць адказваць перад міжнародным законам. І я ўпэўнены, што надыдзе час, яны будуць адказваць і перад беларускім заканадаўствам. І самае галоўнае, яны адказваюць перад гісторыяй, таму што гэта ўвогуле ганебная старонка для Беларусі, калі кіраўнік краіны трапляе пад такога кшталту абвінавачанні. У сусветнай практыцы не больш за 10 выпадкаў было падобных. Я ўвогуле не ведаю, як ён жыве з гэтым, як ён спіць, як ён прачынаецца з гэтай думкай.

- Літва ўпэўнена, што іншыя краіны таксама далучацца да гэтага іску. Ці можа да яго далучыцца, напрыклад, Украіна? Бо вядома, што беларускі дыктатар датычны да выкрадання ўкраінскіх дзяцей.

- Гэта пытанне да гэтых краін. Калі мы паглядзім на гандлёвую палітыку пэўных дзяржаў, то мы бачым, што яны актыўна гандлююць з Расейскай Федэрацыяй праз проксі-краіны: праз Беларусь, праз Казахстан, Узбекістан ды іншыя. І тавары, якія трапляюць сёння на расейскі рынак, яны едуць праз Рэспубліку Беларусь. Мабыць, гэтыя краіны паставілі сабе не каштоўнасці на першае месца, а гандаль. Гэта не палітыкі, а звычайныя гандляры.

Калі мы гаворым пра каштоўнасці, то ў гэтым плане, я мяркую, павінны былі ўжо адбыцца нейкія заявы ад еўрапейскіх палітыкаў, лідараў, Уршуля фон дэр Ляен павінна была неяк сябе праявіць. Яны ніяк гэтага не робяць. Я мяркую, што тут, напэўна, ня так шмат будзе ахвочых падпісацца.

Украіна магла б, вядома, падпісацца, але ж Лукашэнка прабрахаўся на апошнім сходзе 17 верасня. Ён сказаў, што з Украінай дамовіўся пра шмат якія рэчы. Гэта падкрэслівае, што ў яго ёсць нейкая негалосная ўгода з Зяленскім, наўпрост ці праз пасрэднікаў, і яны, відаць, яе выконваюць. Малаверагодна, што Украіна гатова будзе пад гэтым падпісацца, хаця павінна была першай гэты пазоў падаць.

- Ці рэальна даставіць Лукашэнку на лаву падсудных? Бо беларускі дыктатар - не Пуцін. Яго могуць даволі лёгка здаць.

- Так, абсалютна. Я ўпэўнены, што калі б быў выпісаны ордэр на арышт Лукашэнкі і ягонага бліжэйшага асяроддзя, то ягоная выдача была б даволі, скажам так, нескладаным эпізодам для рэалізацыі, улічваючы маштабы Беларусі. Калі б пад гэты пазоў быў абвешчаны ганарар, напрыклад - 10-20 мільёнаў еўраў, і гарантыі тым людзям, якія гэта зробяць, то ў вачах беларускага істэблішменту, я б так гэта назваў, Лукашэнка выглядаў бы міжнародным злачынцам.

Арышт яго нейкай групай асоб унутры Беларусі і выдача ў Гаагу маглі б засцерагчы нейкіх іншых асоб сілавога блока ад далейшага пераследу. Яны маглі б атрымаць гарантыю амністыі. Гэта, дарэчы, будзе непакоіць Лукашэнку.

Нават падача самога пазову яго ўжо непакоіць. А калі б ён ордэр атрымаў, ён бы вельмі перажываў наконт гэтага пытання, бо ў адзін момант ордэр можа быць рэалізаваны. Механізмы могуць быць розныя, але ў гісторыю Лукашэнка тады пападае як міжнародны злачынец, прызнаны ў свеце. І таму для яго гэта, канечне, будзе цяжкі ўдар.

Але цяпер, я думаю, больш за ўсё цешыцца Пуцін, бо разумее, што ён зараз не адзін. Я спадзяюся, што гэтае дзеянне было зроблена літоўскім урадам не дзеля папсы і нейкага хайпа перад выбарамі за два тыдні. Я ўсё ж спадзяюся, што яны мелі сур'ёзны намер і будуць надалей працягваць гэтую працу.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках