У Дубаі пабудуюць «тонкі» хмарачос шырынёй з кватэру
14- 21.10.2024, 18:37
- 10,770
Як ён будзе выглядаць?
У Дубаі плануюць пабудаваць хмарачос шырынёй 22,5 м, або на адну кватэру, піша Dezeen.
Праект хмарачоса распрацавала гішпанскае архітэктурнае бюро RCR Arquitectes, якое з'яўляецца лаўрэатам Прытцкераўскай архітэктурнай прэміі. Вежа будзе называцца Muraba Vei, у ёй будзе 73 паверхі. Вышыня будынка складзе 380 метраў. Але асаблівасцю хмарачоса стане невялікая шырыня – 22,5 м, або роўная шырыні адной кватэры.
Апісаная камандай як «надзвычай вузкая» форма хмарачоса распрацаваная, каб звярнуць увагу людзей. Увесь будынак будзе абгорнуты сеткай з нержавейнай сталі або вэлюмам.
Апроч кватэраў у вежы размесцяцца спа-салон, рэстаран, мастацкая галерэя, канферэнц-залы, кінатэатр і грамадская прастора ля будынка, падобная на выдму.
За самы «тонкі» хмарачос свету цяпер уважаецца нью-ёркская вежа Steinway Tower, шырыня асновы якой складае блізу 18 м. Вышыня дасягае 435 м.
У бразільскім горадзе Балнеарыу-Камбарыу ўзвядуць самы высокі жылы хмарачос у свеце. Праект будаўніцтва зацвердзілі мясцовыя ўлады. Вышыня вежы пад назвай Triumph Tower складзе 544 м, на 72 м больш, чым самага высокага жылога будынка Central Park Tower у Нью-Ёрку.