22 снежня 2024, Нядзеля, 14:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Закрытая справаздача Міністэрства аховы здароўя пацвярджае дэмаграфічную катастрофу ў Беларусі

29
Закрытая справаздача Міністэрства аховы здароўя пацвярджае дэмаграфічную катастрофу ў Беларусі

Такога нізкага ўзроўню нараджальнасці ў Беларусі яшчэ не было.

Актуальныя звесткі аб нараджальнасці (як і аб смяротнасці) па ўсёй краіне цэнтралізавана не публікуюцца з 2020 года. Аднак «Наша Ніва» раней змагла па асобных рэгіянальных звестках даведацца пра агульную сітуацыю. На нашы падлікі, каэфіцыент нараджальнасці ў Беларусі ў 2023 годзе склаў блізу 6,7-6,8.

Гэта ніжэй, чым у часы вайны ў Савецкім Саюзе (агульнасаюзны мінімум быў зафіксаваны ў 1943 годзе - 8,6 народжаных).

Пацвярджэнне гэтаму цяпер апублікавала група «Белыя халаты», якая вывучыла закрытую справаздачу Міністэрства аховы здароўя (яе апублікаваў «Белпол»).

«У 2023 годзе ў радзільных установах рэспублікі і дома зарэгістравана 64 089 родаў (2022 г. — 69 691 род), што на 8,0% менш, чым у 2022 годзе», — гаворыцца ў справаздачы.

Гэта азначае, што ў 2022 годзе нарадзілася блізу 69 691 дзіцяці, а ў 2023 годзе - 64 089. Гэтыя лічбы могуць нязначна адрознівацца ад рэальных (на некалькі дзясяткаў), бо ўключаюць мёртванароджаных, а таксама нараджэнне двух і больш дзяцей, тлумачаць «Белыя халаты».

З гэтых звестак вынікае, што нараджальнасць у 2023 годзе склала 6,96 на 1000 насельніцтва. Адзначаецца, што гэта самы нізкі паказчык за ўвесь час назіранняў у Беларусі з 1955 года, раней ён не апускаўся ніжэй за 8,9.

Моцнае падзенне нараджальнасці пачалося ў сярэдзіне 2010-х.

Апроч сусветных тэндэнцый зніжэння нараджальнасці, у Беларусі існуюць і лакальныя прычыны. Гэта і зацяжны эканамічны крызіс - ВУП краіны практычна застыў на адным узроўні з 2014 года, што не дае ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, - і вымушаны ад'езд вялікай колькасці маладога насельніцтва, выкліканы масавымі рэпрэсіямі.

Аднак ёсць адзін фактар, які можа пазітыўна паўплываць на нараджальнасць найбліжэйшым часам. Адна з прычын цяперашняга спаду - гэта рэха канца 1980-х і 1990-х гадоў. Падышоў час станавіцца бацькамі для тых, хто нарадзіўся менавіта ў той час. Тады таксама быў дэмаграфічны спад, выкліканы наступствамі Чарнобыля і эканамічным крызісам.

Падобная сітуацыя і ў Расеі. Там мяркуюць, што колькасць народжаных будзе штогод скарачацца да 2026 года, а потым пачне натуральна расці. Бацькамі стануць людзі, народжаныя ў 2000-х, якіх больш, чым прадстаўнікоў папярэдняга пакалення. Таму часовы рост нараджальнасці мусіць быць. Хутчэй за ўсё, такая тэндэнцыя выявіцца і ў Беларусі.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках