Расейскія мільярдэры пачалі рыхтавацца да пагаршэння сітуацыі ў эканоміцы
7- 12.11.2024, 20:04
- 11,060
Яны не вераць афіцыйнаму прагнозу.
Расейскія бізнэс-эліты не падзяляюць аптымістычных прагнозаў ураду ў росце расейскай эканомікі і не чакаюць, што Дональд Трамп на пасадзе прэзідэнта ЗША скасуе ўведзеныя супраць РФ санкцыі. Пра гэта паведамляе Bloomberg (пераклад – The Moscow Times) паводле вынікаў інтэрв'ю з некалькімі мільярдэрамі і магнатамі, якія кантралююць ключавыя прадпрыемствы РФ, дзе працаўладкаваныя сотні тысячаў чалавек.
Паводле плану ўраду, сёлета Расея пакажа эканамічны рост на 3,9% (пасля 3,6% у 2023 годзе). У 2025 годзе ён толькі крыху замарудзіцца, да 2,5%, пасля чаго тэмпы зноў пойдуць уверх: 2,6% – у 2026-м, 2,8% – у 2027-м і 3% у сярэднім у 2028–2030 гг.
Аднак найбагацейшыя бізнэсмэны не вераць у дасягальнасць гэтых лікаў, піша Bloomberg. У расейскай эканоміцы адбываюцца гнятлівыя змены, мяркуюць яны: сыход заходніх кампаній прывёў да дэградацыі вытворчай базы, галоўным чынам у машынабудаванні і тэхналагічных галінах. Замяшчэнне імпарту ідзе марудна, а вярбоўка сотняў тысячаў грамадзянаў на вайну ўзмацняе кадравы голад.
Большасць з мільярдэраў, як піша агенцтва, сумняваюцца, што вайна скончыцца ў найбліжэйшы час, нягледзячы на абяцанне Трампа заключыць «угоду» за 24 гадзіны. Яны таксама рыхтуюцца да захавання санкцый, у колькасці якіх Расея стала сусветным рэкардсмэнам, абагнаўшы Іран і КНДР.
Хоць расейскай эканоміцы не пагражае паўнавартасны крах у найбліжэйшай будучыні, «прагноз на сярэдне- і доўгатэрміновую перспектыву змрочны», пішуць эксперты Стакгольмскай школы эканомікі. Паводле іх ацэнкі, Расея можа сутыкнуцца з эканамічным крызісам на гарызонце ў некалькі гадоў.
Міжнародны валютны фонд прагназуе, што ўжо налета тэмпы росту ВУП РФ замарудзяцца ўтрая, да 1,3%, а да канца дзесяцігоддзя ўпадуць да нікчэмных 1% за год. Паводле прагнозў расейскага ЦБ, у 2025 годзе эканоміка дадасць толькі 0,5–1%, а рост прыватнага спажывання і інвестыцый могуць абнуліцца.
Ключавыя, сыравінныя галіны, акрамя нафтавай, ужо маюць праблемы праз санкцыі. Упершыню за чвэрць стагоддзя стратным стаў «Газпрам». Вугальныя кампаніі сутыкнуліся з абвальным падзеннем экспарту, чаму эксперты Мінэнэрга заявілі пра пагрозу банкруцтва ўсёй галіны. Рэзкае падзенне продажаў на знешніх рынках зафіксавалі металургі.
Крэмль прадаўжае настойваць, што эканоміка ўмацоўвае сувэрэнітэт. Але трыльённыя мегапраекты ў замене заходняй тэхнікі церпяць фіяска: так, напрыклад, расейскі авіяпрам за 2023–2024 гады змог выпусціць толькі тры цывільныя самалёты замест 40 запланаваных, а з суднаверфі «Зорка» так і не выйшла ніводнага танкера-газавоза лядовага класу.
Новай праблемай для бізнэсу стала павышэнне ключавой стаўкі Цэнтрабанка да ўзроўню, якога эканоміка не бачыла больш за два дзесяцігоддзі. Публічна ЦБ раскрытыкавалі мільярдэры Алег Дзерыпаска і Аляксей Мардашоў. Іншыя ж алігархі прызнаюць, што ў Эльвіры Набіулінай вельмі мала інструментаў, каб запаволіць інфляцыю пры вялізных ваенных выдатках, піша Bloomberg.