Навукоўцы выявілі, што ўсе ўладальнікі сабак падзяляюцца на тры катэгорыі
11- 12.11.2024, 20:30
- 7,906
Даследнікі апыталі сотні ўладальнікаў сабак.
У культуры ўладальнікі сабак уважаюць гэтых свойскіх жывёлаў за сваіх найлепшых сяброў, чальцоў сям'і ці нават «кудлатых дзяцей». Аднак даследнікі з Універсітэта Этвеша Лоранда апыталі 800 уладальнікаў сабак і выявілі, што іх можна падзяліць на тры асобныя катэгорыі, піша Daily Mail (пераклад – «Фокус»).
«Цікава, што хоць мы і збіралі звесткі з анлайн-групаў, прысвечаных дамашнім сабакам, іх уладальнікі былі рознымі», – растлумачыла Лора Джылет, асноўная аўтарка даследавання.
Так, некаторыя ўладальнікі сабак адносяцца да катэгорыі «прыязных калегаў». Яны схільныя бачыць у сваіх гадаванцах калег і ахоўнікаў, але пры гэтым адчуваюць моцную эмацыйную сувязь. Такія ўладальнікі звычайна трымаюць бордар-колі, бельгійскіх аўчарак або нямецкіх аўчарак.
Іншая катэгорыя, так званыя «бацькі сабак», маюць цесную сувязь з жывёламі. Яны не бачаць у сваіх гадаванцах практычных функцый. Звычайна гэта гаспадары такіх пародаў, як выжла, баксёр ці такса.
«Кампан'ёны», яшчэ адна катэгорыя ўладальнікаў сабак, трымаюць іх пераважна для зносінаў. Аднак гэтаму тыпу ўдаецца захоўваць з гадаванцамі эмацыйную дыстанцыю. Звычайна гэта ўладальнікі мудзі, ангельскіх кокер-спаніэляў ці лабрадораў-рэтрывераў.
У цэлым вынікі даследаванняў паказалі, што амаль усім апытаным уладальнікам сапраўды падабаецца фізічны кантакт са сваім сабакам (97,6%), «безумоўная любоў», якую ім дорыць жывёліна (93,7%), а таксама выгляд і прыгажосць свайго гадаванца (88,4%). Аднак блізу чвэрці апытаных уладальнікаў не атрымалі ніякай карысці ад сацыяльнага ўзаемадзеяння, якое забяспечваў іх гадаванец, а вось 36,3% яно вельмі спадабалася.
Даследнікі спадзяюцца, што вынікі іх працы натхняць на далейшыя даследаванні складаных узаемаадносінаў паміж людзьмі і іх сабакамі.
«Нягледзячы на агульную тэндэнцыю, што назіраецца ў заходніх краінах, дзе сабакі ўсё больш успрымаюцца як чальцы сям'і, якія забяспечваюць безумоўную любоў і падтрымку, гэтае даследаванне падкрэслівае, што не ўсе ўладальнікі сабак аднолькавыя, нават у выбарцы, зацікаўленай у вывучэнні паводзінаў сабак», – пішуць навукоўцы ў сваім даследаванні.