21 лiстапада 2024, Чацвер, 18:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі АўтаВАЗ заграз у шматмільярдных пазыках

8
Расейскі АўтаВАЗ заграз у шматмільярдных пазыках

Канцэрн не ў стане плаціць за крэдыты.

Расейскія ўлады рыхтуюць новыя захады падтрымкі для АўтаВАЗа, паколькі канцэрну стала цяжка плаціць за крэдыты пасля павышэння ключавой стаўкі Цэнтрабанкам да 21% гадавых, паведаміў «Інтэрфаксу» кіраўнік «Растэха» Сяргей Чэмезаў. Карпарацыя валодае 32,3% акцый кампаніі. Паводле словаў Чэмезава, пытанне дапамогі абмяркоўваецца на ўзроўні профільных установаў. «Сапраўды, крэдытная нагрузка АўтаВАЗа высокая. <…> З ростам ключавой стаўкі выплаты банкам адсоткаў выраслі на мільярды рублёў за год», – паскардзіўся ён.

У той самы час, як адзначае The Moscow Times, нягледзячы на цяжкасці, канцэрн прадаўжае інвеставаць у паглыбленне лакалізацыі, нарошчвае вытворчасць і абнаўляе мадэльны рад, паколькі без гэтага прадукцыя будзе неканкурэнтаздольнай, дадаў Чэмезаў. Аднак, з ягонага гледзішча, было б лепш, калі б у развіццё ўкладваліся сродкі, якія ідуць на выплаты банкам. «Дзяржава гэта таксама разумее і завод не кідае. <…> Абмяркоўваецца, як дапамагчы ў гэтай сітуацыі АўтаВАЗу», – адзначыў кіраўнік «Растэха».

У верасні прэзідэнт аўтаканцэрна Максім Сакалоў паведаміў, што завінавачанасць кампаніі перавышае 100 млрд расейскіх рублёў. «Гэта сур'ёзная нагрузка, асабліва пры цяперашняй ключавой стаўцы гэта адразу дадаткова яшчэ амаль 20 млрд рублёў, якія трэба знайсці на абслугоўванне крэдытаў штогод», – падкрэсліваў ён.

Урад РФ нават хацеў дараваць частку запазычанасці АўтаВАЗу – такая магчымасць абмяркоўвалася раней цягам года, пра што гаварыў зімой віцэ-прэм'ер Дзяніс Мантураў. Аднак у жніўні кіраўнік управы ўзаемадзеяння з федэральнымі органамі ўлады канцэрна Аляксандр Вінаградаў заявіў, што пастанову адклалі праз рост продажаў і паляпшэнне фінансавых паказнікаў прадпрыемства. «Акрамя таго, нашы фінансісты падумалі – там жа дадатковыя абавязальніцтвы ўзнікаюць... і ўсё пакуль паставілі на паўзу», – дадаў ён.

Паводле словаў Вінаградава, расейскія ўлады ўжо дапамаглі АўтаВАЗу, калі прынялі пастанову адтэрмінаваць выплату ўтыльзбору на канец года. 8 лістапада Мінпрамгандаль паведаміў, што гэты захад будзе дзейнічаць і ў 2025 годзе.

У пачатку кастрычніка Сакалоў заклікаў дзяржаву падтрымаць АўтаВАЗ «праз мэтавую даналадку заканадаўства», якая ўключае абарону ад імпартнага дэмпінгу, а таксама льготныя пазыкі Фонду развіцця прамысловасці, гранты і субсідыі. У сваю чаргу віцэ-прэзідэнт у продажах і маркетынгу кампаніі Дзмітрый Кастрамін паскардзіўся, што 89% сродкаў, якія расейцы выдаткоўваюць на набыццё новых аўтамабіляў, сыходзяць у Кітай, і толькі 11% дастаецца айчыннаму канцэрну. Раней АўтаВАЗ актыўна лабіраваў павышэнне ўтыльзбору праз канкурэнцыю з кітайскімі канцэрнамі.

У 2023 годзе продажы аўтамабіляў Lada ў краіне выраслі ў 1,9 разы, да 352,6 тысячы штук, у выніку АўтаВАЗ трапіў на другое месца пасля вытворцаў з КНР (456,1 тысячы). У студзені – кастрычніку яго продажы склалі 377,9 тысячы. Пры гэтым канцэрн спадзяваўся рэалізаваць да канца года 500 тысячаў. Такую самую планку ён ставіць перад сабой і ў 2025 годзе. Фінансавую справаздачнасць АўтаВАЗ не публікуе.

Згодна з прагнозам «Аўтастата», у 2024 годзе расейцы набудуць блізу 900 тысячаў кітайскіх аўтамабіляў. Пры гэтым выручка дылераў ад продажу новых машынаў з КНР у краіне паводле вынікаў першай паловы года дасягнула 1,7 трлн рублёў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках