Мянчук падахвоціўся праводзіць жанчыну дадому з крамы
13- 13.11.2024, 15:34
- 12,518
А па дарозе зарабіў "крыміналку".
У міліцыю Менска звярнулася жанчына, у якой новы знаёмы выкраў мабільны тэлефон коштам больш за 3 000 рублёў. Мянчанка расказала, што позна ўночы на выхадзе з гастранома пазнаёмілася з пакупніком, які прапанаваў правесці яе да дома. Мянчанка пагадзілася.
“Прайшоўшы некаторую адлегласць, новы знаёмы папрасіў у яе мабільнік для званка. Размаўляючы праз тэлефон, мужчына паступова адыходзіў ад пацярпелай, а пасля схаваўся ў невядомым кірунку”, - распавялі ў ГУУС.
Супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі асобу падазраванага. Ім быў 37-гадовы неаднаразова судзімы за маёмасныя злачынствы мужчына. Высветлілася, што тэлефон ён здаў у ламбард, а атрыманыя грошы выдаткаваў на асабістыя патрэбы.
У дачыненні да менчука распачалі крымінальную справу за рабаванне.