Беларус змяніў пасведчанне інваліда, каб зарабіць на льготнай размытнёўцы аўто
2- 15.11.2024, 12:17
- 2,252
Замест ганарару атрымаў "крыміналку".
Жыхар Магілёва, каб атрымаць ганарар за афармленне дарагога аўтамабіля на сваё імя для льготнай размытнёўкі, падрабіў пасведчанне інваліда, самастойна выправіўшы ў дакуменце трэцюю групу інваліднасці на другую, піша «Зеркало».
У ліпені гэтага года да 66-гадовага жыхара абласнога цэнтра звярнуліся два незнаёмцы з прапановай зарабіць грошай на льготнай размытнёўцы аўто. Мяркуючы, што той мае інваліднасць, якая дае права на льготы пры размытнёўцы аўтамабіляў, яны папрасілі яго аформіць на сябе аўто з Карэі – Mercedes-Benz Е220D 2019 года выпуску коштам 18 тысяч даляраў.
Магілёвец напраўду меў групу інваліднасці, але яна не пасавала пад ільготы. Каб усё ж атрымаць ганарар, ён падрабіў сваё пасведчанне інваліда - абрэзаў частку са словам "трэцяя" і дапісаў "другая".
У супрацоўніка, якому ён падаў дакументы для афармлення, узніклі падазрэнні. Быў зроблены запыт у медычную ўстанову, якая выдала дакумент. Так высветлілася, што ў пасведчанне ўносіліся праўкі. Тое, што дакумент падроблены, устанавілі і пасля правядзення судовай тэхнічнай экспэртызы.
Пры допыце мужчына адмаўляцца не стаў. Яго дзеянні кваліфікаваны паводле ч. 1 ст. 380 (Падробка дакумента) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкула прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі.