ДАІ Менска абвясціла пра «ўзмоцнены кантроль» за адной катэгорыяй кіроўцаў
2- 16.11.2024, 11:15
- 8,454
Але «нечаканкі» падрыхтавалі не толькі для іх.
Сталічная Дзяржаўтаінспекцыя папярэдзіла пра правядзенне рэйдавых мерапрыемстваў супольна з інспектарамі аддзела грамадзянства і міграцыі Завадскога РУУС Менска. Пачынаючы з пятніцы, 15 лістапада, вартавыя дарог паабяцалі «ўзмацніць кантроль» за замежнікамі, якія працуюць таксістамі ў нашай краіне. Акрамя таго, «рэгулярныя праверкі» пастанавілі зладзіць і беларускім кіроўцам, піша «Телеграф».
Напярэдадні выходных супрацоўнікі УДАІ ГУУС Менскага гарвыканкама абвясцілі пра правядзенне рэйдавых мерапрыемстваў на сталічных дарогах. Сярод іншага, інспектары паабяцалі «ўзмацніць кантроль» за замежнымі кіроўцамі, у якіх правераць:
наяўнасць правоў,
тэхнічны стан аўтамабіля,
выкананне правілаў перавозкі пасажыраў.
Як і заўсёды, мэта мерапрыемстваў – знізіць аварыйнасць на дарогах з удзелам названай катэгорыі кіроўцаў, а таксама «папярэдзіць і спыніць» парушэнні, якія здзяйсняюцца імі, падкрэслілі ва ўстанове.
За кім яшчэ, апроч таксістаў, паабяцалі сачыць?
Акрамя таго, у пятніцу ДАІ абвясціла пра пазапланавае ўзмацненне кантролю на дарогах Менска. Загадзя ўдзельнікаў дарожнага руху пра рэйды ў горадзе не папярэджвалі, паколькі прычынай раптоўных праверак стала пагаршэнне надвор'я, дакладна прадказаць якое часам не пад сілу нават сіноптыкам.
Прафілактычныя мерапрыемствы яшчэ напярэдадні арганізавалі, сярод іншага, у Партызанскім раёне сталіцы. Як растлумачылі ва УДАІ ГУУС Менгарвыканкама, асаблівую ўвагу ў непагадзь пастанавілі аддаць «уразлівым катэгорыям» грамадзянаў, а менавіта пешаходам. Зрэшты, прафілактычна гутаркі ў рамках рэйдаў па горадзе інспектары паабяцалі праводзіць не толькі з імі, але і з аўтамабілістамі.
«Супрацоўнікі ДАІ нагадваюць пра скарачэнне светлавога дня і зніжэнне бачнасці на дарогах. Таксама звяртаюць увагу на неабходнасць выкарыстання флікера», – расказаў кіраўнік аддзела ДАІ Партызанскага раёна Менска Кірыл Буткевіч, адзначыўшы, што флікер «павышае прыкметнасць пешахода для кіроўцы», што зніжае рызыку ДТЗ.