У Беларусі скароцяць дзяржфінансаванне тэатраў
7- 18.11.2024, 21:29
- 4,102
У дзяржавы няма грошай на культуру.
У Беларусі з 1 студзеня 2025 года зменяцца падыходы да фінансавання дзейнасці дзяржаўных тэатраў. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе ягоная прэс-служба.
Стварэнне новых пастановак, правядзенне гастроляў, аплата камунальных паслуг, эксплуатацыйных выдаткаў і выплата заробку будуць ажыццяўляцца на парытэтнай аснове (50/50) са сродкаў бюджэту і ўласных прыбыткаў тэатраў.
Пры гэтым дадаткова дзяржаўную падтрымку прапануюць падчас правядзення тэатрамі рамонту. На такі перыяд прадугледжанае вылучэнне ў бязвыплатнае карыстанне іншых памяшканняў, якія знаходзяцца ў дзяржуласнасці, і аплата за кошт бюджэту камунальных паслуг і транспарту.
У паведамленні гаворыцца, што «змена дазволіць дамагчыся больш эфектыўнага выкарыстання сродкаў бюджэту, а таксама станоўча паўплывае на ўдасканаленне рэпертуарнай палітыкі і актывізацыю творчай актыўнасці».
Нагадаем, што ў 2024 годзе новыя пастаноўкі ды іншыя выдаткі тэатраў фінансуюць за кошт бюджэту і ўласных сродкаў у суадносінах 60 на 40%.