Недалёка ад Нацыянальнай бібліятэкі зносяць жылыя дамы
9- 19.11.2024, 21:25
- 12,580
Пад знос пойдуць 67 дамоў.
«Менскбуд» пачаў знос старых дамоў у квартале вуліцаў Філімонава – Сляпянская водная сістэма – Сталетава. Гэта ўжо другая чарга.
На гэтым месцы збіраюцца будаваць новы жылы квартал. Таму па 2-м завулку Баграціёна ў найбліжэйшы час знікнуць чатыры двухпавярхоўкі, якія былі ўзведзеныя ў 1958–1960 гадах. Жыхары гэтых дамоў ужо адселеныя.
Забудоўнік паведаміў, што знос двухпавярховак закончыцца ў снежні. Да канца года з пляцоўкі павінны вывезці і будаўнічае смецце.
Узводзіць новы квартал недалёка ад Нацыянальнай бібліятэкі пачалі яшчэ ў пачатку 2024 года. Да гэтага цягам некалькіх месяцаў ішоў знос будынкаў. Першай здадуць 19-павярхоўку, куды і збіраюцца засяліць жыхароў старых дамоў. Там будзе 188 кватэраў.
Усяго ў новым квартале з'явяцца 12 жылых дамоў на 2413 кватэраў агульнай плошчай 148 тыс. м2.
У «Менскбуд» удакладнілі, што ўсе кватэры там прызначаныя для грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў.
Усяго ж у гэтым раёне знясуць 67 дамоў.