Дроны атакавалі 13-ы арсенал ГРАУ у Наўгародскай вобласці РФ
- 20.11.2024, 9:27
- 10,810
Былі чутныя страляніна і выбухі.
Ноч 20 лістапада для жыхароў Наўгародскай вобласці выдалася неспакойнай. У раёне Котава былі чуваць выбухі, а таксама страляніна, расейцы назіралі і ўспышкі, паведамляе «Обозреватель».
Мясцовыя ўлады звыкла заявілі пра «адбітую атаку БПЛА» і адсутнасць ахвяр і пацярпелых. А расейскае незалежнае выданне ASTRA са спасылкай на мясцовых жыхароў заявіла аб нападзе на 13 арсенал ГРАУ, размешчаны ў пасёлку Котава.
«13-ы Арсенал ГРАУ атакаваны ноччу ў пасёлку Котава Наўгародскай вобласці, паведамляюць мясцовыя жыхары», – адзначана ў паведамленні.
Выданне звярнула ўвагу на фота і відэа з Котава Акулаўскага раёна Наўгародскай вобласці, якія з'явіліся ў мясцовых чатах уночы 20 лістапада.
«На кадрах чутныя і бачныя выбухі, страляніна і ўспышкі. Таксама з'явіліся відэа з іншых населеных пунктаў рэгіёна. Аднак дакладнасць кадраў журналістамі ASTRA на гэты момант не пацверджаная. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што атака была накіраваная на вайсковую базу. У Котаве знаходзяцца ангары з боепрыпасамі 13-га арсенала ГРАУ», - распавялі ў ASTRA.
Мясцовыя ўлады заяў аб знішчэнні арсенала не рабілі. Губернатар Наўгародскай вобласці Андрэй Нікіцін абмежаваўся расплывістай заявай аб «знішчэнні некалькіх БПЛА», адсутнасці наступстваў і працы сілавікоў на месцы.
«Над Наўгародскай вобласцю сіламі СПА міністэрства абароны РФ знойдзены і знішчаны некалькі беспілотных лятальных апаратаў. Праваахоўныя і сілавыя структуры працуюць на месцы. Ахвяр і пацярпелых няма», - напісаў Нікіцін а 2 гадзіне ночы.