Беларускую кампанію, партнёра YouTube і Meta, прадалі кіпрскаму медыяхолдынгу
2- 20.11.2024, 11:09
- 1,572
Кампанія дапамагае манетызаваць дзясяткі тысяч блогераў.
Інвесткампанія Zubr Capital закрыла ўгоду продажу кантрольнай долі ў фінтэхбізнэсе з беларускімі каранямі Mediacube. Пра гэта паведамляе выданне "Белорусы и рынок".
Mediacube — гэта заснаваная ў Беларусі партнёрская кампанія YouTube і Meta, якая дапамагае манетызаваць дзясяткі тысяч блогераў у больш як 130 краінах, у тым ліку Улада Бумагу. Пакупніком стаў медыяхолдынг TheSoul Publishing, які базуецца на Кіпры. Ён належыць заснавальнікам сайта аб рэкламе Adme, які ў 2004 годзе запусцілі два прыяцелі з Казані.
За колькі прададзеная дзель, удзельнікі ўгоды не каментуюць.
Генеральны дырэктар The Soul Publishing Артур Мамедаў заявіў, што гэтая купля стала яшчэ адным крокам у бягучай стратэгіі кампаніі "ў распрацоўцы інтэграванай шматплатформеннай экасістэмы крэатараў".
У сваю чаргу заснавальнік Mediacube беларус Міхаіл Бычанок падкрэсліў, што партнёрства з TheSoul Publishing дазволіць «прасоўваць нашыя фінтэхразвязанні і яшчэ далей».
Кампанія Mediacube у 2015 годзе здабыла тэндар YouTube на годнасць афіцыйнага партнёра, супрацоўнічала з многімі вядомымі блогерамі. У 2019 годзе праект зацікавіў інвестара - інвестыцыйную кампанію Zubr Capital, якая стала ўладальнікам мінарытарнага пакета Mediacube і прынесла дадатковыя грошы ў развіццё бізнэсу. Галаўная кампанія групы «ЭмСіЭн Глобал» стала рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій і распрацавала фінтэхсістэму, якая дазваляе крэатарам кіраваць сваімі даходамі.