The Economist: Вайна ва Украіне можа спыніцца ў 2025 годзе
7- 20.11.2024, 16:13
- 8,280
Наступны год можа стаць годам заканчэння вайны ва Украіне, бо абедзве стараны блізкія да знясілення, і хаўруснікі кожнай з іх аддалі б перавагу, каб баявыя дзеянні спыніліся.
Аб гэтым напісаў Крыстафер Локвуд, еўрапейскі рэдактар выдання The Economist. Аглядальнік адзначыў, што гэтае пытанне стане прыярытэтным для новай адміністрацыі Дональда Трампа.
«Як можа выглядаць магчымая ўгода? Украіне давядзецца змірыцца са стратай часткі сваёй тэрыторыі. 7%, якія РФ захапіла падчас першага ўварвання ў 2014 годзе (Крым і Данбас), безумоўна, не падлягаюць вяртанню. Усякае ўрэгуляванне, магчыма, таксама будзе ўключаць у сябе ўтрыманне Расеяй часткі ці большай часткі дадатковых 11%, якія яна кантралюе пасля ўварвання 2022 года. Узамен Украіна павінна атрымаць надзейныя гарантыі бяспекі, ідэальным варыянтам якіх будзе сяброўства ў NATO. Гэта, магчыма, стане прымальным варыянтам у Кіеве», - прааналізаваў Локвуд.
Пры гэтым ён указаў, што з прыходам Трампа да ўлады, уступленне Украіны ў NATO здаецца малаімаверным яшчэ цягам многіх гадоў.
«У кожным выпадку, прынамсі, зараз здаецца вельмі магчымым, што абмеркаванні пачнуцца ў 2025 годзе, і калі яны пачнуцца, баявыя дзеянні могуць імкліва сціхнуць, нават да спынення агню. Пакуль ідуць перамовы, можа ўзнікнуць напалову замарожаны канфлікт», - мяркуе ён.