ВПС Даніі затрымалі кітайскі сухагруз
7- 20.11.2024, 17:47
- 10,402
Яго падазраюць у пашкоджанні кабеляў у Балтыйскім моры.
Вайскова-марскія сілы Даніі затрымалі кітайскі сухагруз Yi Peng 3, які падазраецца ў пашкоджанні тэлекамунікацыйных кабеляў у Балтыйскім моры. Пра гэта ў сераду, 20 лістапада, паведамляе Defence24.
19 лістапада ў Дацкіх пратоках паблізу ад тэрытарыяльных вод Даніі патрульны карабель P525 затрымаў кітайскае судна. Праз некалькі гадзін да месца здарэння падышло яшчэ адно судна HDMS Soeloeven, якое спецыялізуецца на падводных працах.
Адзначаецца, што кітайскае судна рухалася з расейскага порта Усць-Лугі. Інфармацыі аб аглядзе судна абардажнай групай дацкага МУС пакуль няма.
У аўторак фінская газета Helsingin Sanomat паведаміла, што кітайскае судна Yi Peng 3 праплывала паблізу двух пашкоджаных кабеляў сувязі ў Балтыйскім моры прыкладна ў той час, калі былі выяўленыя няспраўнасці.
18 лістапада тэхнічны дырэктар літоўскай тэлекамунікацыйнай кампаніі Telia Андрус Шэмяшкявічус паведаміў, што паміж Літвой і Швэцыяй быў пашкоджаны падводны кабель, які пралягае ў Балтыйскім моры.
Telia перадае інтэрнэт-сувязь у Літву па трох кабелях. Праз інцыдэнт прапускная здольнасць інтэрнэту скарацілася на траціну, аднак сувязь для карыстальнікаў была адноўленая, паведаміў Шэмяшкявічус.
Неўзабаве фінскія ўлады паведамілі аб пашкоджанні падводнага кабелю, які пралягае праз Балтыйскае мора паміж Фінляндыяй і Нямеччынай.
Фінскі дзяржаўны правайдэр паслуг перадачы звестак Cinia паведаміў, што была выяўленая «няспраўнасць» у кабелі C-Lion1. Ён пралягае амаль на 1200 кіламетраў ад сталіцы Фінляндыі Хельсінак да нямецкага партовага горада Ростака.
CNN піша, што гэтыя інцыдэнты адбыліся праз некалькі тыдняў пасля таго, як ЗША папярэдзілі аб узмацненні расейскай вайсковай актыўнасці вакол ключавых падводных кабеляў.