Беларусак, якія прапалі ў турэцкіх гарах, знайшлі жывымі
10- 20.11.2024, 18:09
- 12,376
Іх шукаў самалёт-выведнік.
Сясцёр з Беларусі Валянціну і Марыю Іванковых, якія прапалі ў гарах Турцыі, знайшлі. Паведамляецца, што стан іх здароўя добры, піша выданне Nigde Anadolu са спасылкай на губернатара правінцыі Нігдзе.
Паведамляецца, што беларусак знайшлі ў раёне Каеры сёння блізу 16:50.
Аб знікненні ў Турцыі сясцёр Валянціны і Марыі Іванковых стала вядома ўдзень 19 лістапада. 18-га яны павінны былі вярнуцца з паходу ў Анкару, але ад іх не паступіла ніякіх вестак.
Паводле інфармацыі медыя, 16 лістапада сёстры адправіліся ў паход у Нацыянальны парк Едыгелер, праз некаторы час сувязь з імі знікла.
У рэгіён былі накіраваныя пошукавыя групы ўправы надзвычайных сітуацый і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў МУС Турцыі, а таксама жандармерыі.
Пошукава-выратавальныя работы вяліся як з паветра, так і з зямлі.