У Менску зносяць парк «Дрымлэнд»
18- 20.11.2024, 20:03
- 25,696
Відэафакт.
У некалі ўлюбёным менчукамі парку «Дрымлэнд» на вуліцы Арлоўскай з'явіліся экскаватары. Хутка ад водных горак і басейна застанецца адзін успамін.
Кадры зносу парку апублікаваў Telegram-канал «Мерзкий Кокобай». Відаць, што спецтэхніка з «клюшнёй» свідруе ўваходную групу «Дрымлэнду».
Што будзе на гэтым месцы
На тэрыторыі «Дрымлэнду» з'явіцца парк Народнага адзінства. І, хутчэй за ўсё, будынак Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. Ягоную архітэктурную канцэпцыю ў верасні паказалі дыктатару Аляксандру Лукашэнку.
«Дрымлэнд» – тады проста парк атракцыёнаў – узнік у Менску ў 2003-м. Аквапарк пад адкрытым небам з'явіўся праз некалькі гадоў. Усё гэта стварэнне бізнэсмэна Юрыя Авяр'янава.
«Дрымлэнд» хутка стаў папулярным месцам правядзення модных тусовак і моладзевых святаў, улетку туды выстройваліся чэргі. Праўда, у халодны час года парк прастойваў. У выніку ў Авяр'янава пачаліся фінансавыя праблемы, ён стаў фігурантам крымінальнай справы і з'ехаў з Беларусі.