Падарыў аўто, а затым перадумаў: ці можна забраць падарунак?
1- 21.11.2024, 12:03
- 3,608
Адказ адваката.
Ці можна ў Беларусі падарыць аўто, уклаўшы дамову дарэння, а потым перадумаць і забраць аўто?
Аб заканадаўстве ў гэтай галіне расказала адвакатка Менскай гарадской калегіі адвакатаў Інэса Лавягіна.
Спецыялістка растлумачыла: у такой дамове можа быць абумоўлена права дарыльніка скасаваць дарэнне ў выпадку, калі ён перажыве таго, каму дарыў (арт. 549 ГК).
Калі такога пункта ў дакуменце няма, то дарэнне зваротнай сілы не мае.
Добра трэба падумаць...
Акрамя таго, выкананую дамову згодна з дамовай старон скасаваць нельга, нават калі і дарыльшчык, і той, хто адорвае, згодны вярнуць усё назад.
Варта ўлічваць, што права дарыльніка скасаваць дамову ў выпадку, калі ён перажыве адоранага, не распаўсюджваецца на звычайныя падарункі невялікага кошту - не вышэй за 20-разовую суму базавай адзінкі (у 2024 годзе гэта 800 рублёў, у 2025-м будзе 840 BYN).
Такім чынам, паколькі дамова дарэння зваротнай сілы не мае, перш чым яе ўкласці, варта ацаніць усе рызыкі, падкрэсліла адвакатка.
Нагадаем, у адпаведнасці з Кодэксам аб шлюбе і сям'і РБ уся маёмасць, набытая мужам і жонкай у перыяд шлюбу, незалежна ад таго, на чые грошы яна набытая і на чыё імя аформленае, лічыцца агульнай супольнай уласнасцю.
Таму, калі, да прыкладу, муж хоча падарыць жонцы аўто, неабходна скласці шлюбную дамову, у якой прапісаць, што аўтамабіль з'яўляецца прыватнай уласнасцю мужа. Калі аўтамабіль таксама атрыманы мужам у дар ці перададзены яму ў спадчыну, трэба проста аформіць дамову дарэння ў натарыуса ці ў ДАІ.