24 лiстапада 2024, Нядзеля, 17:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уршуля фон дэр Ляен выратавала пасажыра ў самалёце

21
Уршуля фон дэр Ляен выратавала пасажыра ў самалёце
УРШУЛЯ ФОН ДЭР ЛЯЕН

Кіраўніца Еўракамісіі мае медыцынскую адукацыю.

Падчас рэйсу авіякампаніі Swiss Air з Цюрыха ў Брусэль у сераду, 20 лістапада, аднаму з пасажыраў у самалёце стала блага. Тады экіпаж звярнуўся па дапамогу да іншых пасажыраў на борце. На заклік адгукнулася старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен, якая разам з камандай вярталася з Бразіліі пасля саміту G20, піша Bild.

Як выявілася, Уршуля фон дэр Ляен – лекарка. Яна зрабіла неабходную першую дапамогу пасажыру да пасадкі самалёта, а пасля прызямлення перадала пацыента лекарам хуткай дапамогі.

Рэйсу Swiss Air у Бруселі далі прыярытэт экстраннай пасадкі. Астатнім пасажырам давялося пачакаць у самалёце, пакуль хворага пасажыра эвакуююць у машыну хуткай дапамогі. З меркаванняў прыватнасці падрабязнасці пра пацыента і стан ягонага здароўя не выдаюцца.

Пасля таго як усе пасажыры пакінулі самалёт, фон дэр Ляен з'ехала на чарговую афіцыйную сустрэчу. Пазней яна пацвердзіла журналістам, што стала ўдзельніцай інцыдэнту на борце самалёта.

«Мы вярталіся ў Брусэль, калі аднаму з пасажыраў спатрэбілася дапамога. Як звычайна, экіпаж папрасіў адгукнуцца тых, хто валодае медыцынскімі навыкамі», – расказала яна.

У сітуацыях, калі ў самалёце камусьці становіцца блага, абавязак кожнага лекара – дапамагчы. За апошнія гады медыцынскія веды самай уплывовай жанчыны Еўропы, якая часта лётае звычайнымі пасажырскімі авіялініямі, некалькі разоў былі запатрабаваныя.

Уршуля фон дэр Ляен мае медычную адукацыю і доктарскую ступень. Яна вывучала медыцыну ў Гановерскай медыцынскай школе.

У 1991 годзе яна атрымала доктарскую ступень у медыцыне.

Паводле інфармацыі швэйцарскага навінавага сайта «20 хвілінаў», яшчэ студэнткай, з 1988 да 1992 года, яна працавала асістэнткай лекара ў жаночай клініцы Гановерскай медыцынскай школы.

У 2001 годзе фон дэр Ляен атрымала ступень магістаркі грамадскай аховы здароўя, а потым працавала навуковай супрацоўніцай Гановерскай медыцынскай школы на кафедры эпідэміялогіі, сацыяльнай медыцыны і медыцынскіх даследаванняў.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках