Найбуйнейшы банк Брытаніі спыніў прыманне плацяжоў з РФ і Беларусі
- 22.11.2024, 21:51
- 2,678
Кліенты банка атрымалі спецыяльнае апавяшчэнне.
Брытанскі банк HSBC, найбуйнейшы ў краіне паводле сумы актываў, спыняе прыём плацяжоў з Расеі і Беларусі.
Банк разаслаў кліентам апавяшчэнне, у якім папярэдзіў, што забарона закране кліентаў фізічных асоб і ўводзіцца на ўсе ўваходныя аперацыі з дзвюх краін.
З лета мінулага года HSBC ужо спыніў абслугоўванне плацяжоў для расейскіх кампаній, якія выкарыстоўвалі гангонжскі філіял банка для аперацый з Азіяй. Абмежаванні былі ўведзеныя пасля таго, як Ганконг наведалі амерыканскія чыноўнікі, якія патрабавалі пакінуць пастаўкі ў РФ падсанкцыйных тавараў, піша The Moscow Times.
Аб прычынах новай забароны на плацяжы HSBC не паведаміў. Аднак пастанова была прынятая на наступны дзень пасля таго, як ЗША зрабілі больш жорсткімі фінансавыя санкцыі супраць Расеі, уключыўшы ў «чорныя спісы» 50 расейскіх банкаў, у тым ліку дзяржаўны Газпромбанк.
У рэлізе аб санкцыях амерыканскі Мінфін таксама папярэдзіў крэдытныя арганізацыі ва ўсім свеце аб магчымых мерах у адказ за супрацоўніцтва з расейскім "аналагам SWIFT" — Сістэмай перадачы фінансавых паведамленняў (СПФС) Банка Расеі. З лета 2024 года яна знаходзіцца пад еўрапейскімі санкцыямі. Сістэма, да якой, як сцвярджае ЦБ РФ, далучыліся банкі з 20 краін, выкарыстоўваецца для абыходу санкцыйных абмежаванняў, падкрэсліваў Мінфін ЗША.
HSBC, які да вайны меў даччыны банкаўскі бізнэс у Расеі, мае даўнюю гісторыю прэтэнзій ад амерыканскіх уладаў: раней банк ужо быў аштрафаваны на $2 млрд паводле абвінавачванняў у адмыванні грошай праз мексіканскую дачку.
У траўні 2022 года HSBC абвясціў аб згортванні расейскага бізнэсу. Праз два гады банк прадаў "дачку" ў РФ Экспабанку.