Ці можна збіць расейскую «Ляшчыну» з Patriot?
6- 23.11.2024, 11:22
- 7,792
Эксперт назваў найлепшую сістэму для перахопу гэтай ракеты.
Расея 21 лістапада запусціла па Украіне эксперыментальную балістычную ракету сярэдняй далёкасці «Арэшнік».
Пры гэтым, як адзначае ў інтэрв'ю OBOZ.UA галоўны рэдактар ваенна-аналітычнага парталу Defence Express Алег Каткоў, ракетныя комплексы Patriot для збівання такіх ракетаў не прызначаныя, аднак Украіна можа паспрабаваць гэта зрабіць.
«Для зенітнага ракетнага комплексу Patriot у версіі PAC-3 у спецыфікацыях магчымасці перахопу ракетаў сярэдняй і міжкантынентальнай далёкасці не пазначана. У той самы час Patriot ужо перахапляў ракеты, якія ў тэорыі не павінен быў бы. Напрыклад, «Кінжал» на маршавым адрэзку і дакладна гіпергукавы «Цыркон», – адзначае эксперт.
Эксперт адзначыў, што ракеты сярэдняй далёкасці могуць запускацца на адлегласць ад 1000 да 5500 кіламетраў. Аднак далёкасць не такая важная, падкрэслівае ён.
«Нам не такая важная далёкасць. Усё, што мае далёкасць больш за 700 кіламетраў, аб'ектыўна поўнасцю прастрэльвае Украіну з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі і акупаваных тэрыторый. Але рэч у тым, што выкарыстанае Расеяй у Дняпры ўзбраенне было прызначанае для нанясення ядзернага ўдару. Таму што ракета была абсталяваная паасобнай галаўной часткай з блокамі індывідуальнага навядзення», – адзначыў ён.
Якая сістэма найбольш эфектыўна збівае такія ракеты
Паводле ягоных словаў, перахопам ракетаў сярэдняй далёкасці займаюцца сістэмы THAAD, ракетныя эсмінцы Arleigh Burke і сухапутныя стацыянарныя Aegis Ashore, з ракетамі SM-6 і SM-3.
Прычым найболей эфектыўнай будзе сістэма SM-3, паколькі перахапляе такую ракету яшчэ ў космасе пажадана да таго, як адбылося аддзяленне баявых блокаў.
У той самы час THAAD – гэта сістэма, якая дзейнічае ўжо на мяжы атмасферы і экзаатмасферы, калі баявыя блокі ўжо разведзеныя, і трэба перахапляць не адну цэль, а ўжо мноства цэляў, адзначае эксперт.
«Калі мы паглядзім на відэа таго, што прыляцела па Дняпры, можна ўбачыць шэсць такіх “пучкоў”. Ёсць дзве тэорыі наконт таго, што гэта магло быць. Кожны такі “пучок” – гэта ці баявая частка, і тады іх 36, ці гэта шэсць баявых частак і яшчэ пяць падманных цэляў. Каб перахапіць такую ракету пасля таго, як адбылося развядзенне баявых частак, трэба запусціць або 36 THAAD, а ў рэальнасці ўдвая больш, таму што павінна быць адпаведная верагоднасць – гэта нерэалістычны сцэнар, або паспрабаваць SM-3 і перахапіць ракету яшчэ да таго, як адбылося яе раздзяленне», – тлумачыць ён.