Расейскі рубель перасек «мяжу ганьбы»
22- 23.11.2024, 12:16
- 18,494
Разам з ім упаў да даляра і беларускі.
22 лістапада на Forex курс даляра перавысіў 103,75 расейскіх рубля, у моманце паднімаючыся больш чым на 2%. Параўнальны рост паказаў і кітайскі юань, які прабіў уверх адзнаку 14,3 расейскіх рубля. Еўра праходзіў вышэй за 108 расейскіх рублёў, умацаваўшыся на 1,5%.
Сёння паводле звестак на 12-ю (паводле менскага часу) даляр на гандлі ў Расеі каштуе 103,23 расейскага рубля (рост на 2,19%).
«За асноўную прычыну гэтай дынамікі я ўважаю менавіта абясцэньванне расейскай нацыянальнай валюты, а не ўмацаванне замежных. Драйверам негатыўнай дынамікі рубля стала чарговае абвастрэнне канфлікту паміж Расеяй і Захадам праз ваенныя дзеянні ва Усходняй Еўропе. Дадатковы ціск на курс расейскай валюты зрабіла прыняцце ў ЗША чарговага пакету санкцыяў. У выніку для дзясяткаў расейскіх банкаў, у тым ліку Газпрамбанка, становяцца закрытыя трансмежавыя пераводы грашовых сродкаў праз SWIFT і кітайскую міжнародную плацежную сістэму UnionPay. Большасць крэдытораў, якія трапілі пад гэтыя абмежаванні, рэкамендавалі сваім кліентам за мяжой зняць сродкі гатоўкай з рахункаў», – растлумачыў аналітык Freedom Finance Global Уладзімір Чарноў.
На тыдні, які закончыўся, да закрыцця суботняга гандлю на Беларускай валютна-фондавай біржы, на знешніх рынках даляр зноў прыкметна ўмацаваўся да большасці сусветных валютаў, уключаючы еўра, расейскі рубель і юань.
Курс даляра паводле выніку гандлю Беларускай валютна-фондавай біржы (БВФБ) склаў у пятніцу 3,4270 рубля.
Такім чынам, курс павялічыўся на 0,35 адсотка ў параўнанні з папярэднім днём. Пры гэтым даляр расце, пачынаючы з 6 лістапада.
Раней паведамлялася, што рэспубліканскі бюджэт Беларусі фармуюць з разліку, што сярэдні курс даляра ў 2025 годзе складзе 3,35–3,37 рубля.