Рычард Гір у новым амерыканскім серыяле занепакоіўся «праблемай у Беларусі»
- 23.11.2024, 13:01
- 2,686
Акцёр выканаў ролю кіраўніка аддзялення ЦРУ ў Лондане.
Амерыканскі акцёр Рычард Гір, вядомы публіцы з фільмаў «Красуня», «Нявеста, якая ўцякла» і «Хаціко», днямі прапанаваў на адным з амерыканскіх каналаў новы шпіёнскі серыял «Агенцтва», дзе ён выканаў ролю кіраўніка аддзялення Цэнтральнай выведнай управы ЗША (ЦРУ) у Лондане.
У кадрах з серыялу, паказаных публіцы, герой Рычарда Гіра занепакоіўся «лакальнай праблемай у Беларусі».
У ранішнім шоу тэлеканала NBC News паказалі ўрывак з серыялу даўжынёю 15–20 секундаў, у якім герой Рычарда Гіра размаўляе праз відэасувязь са сваім амерыканскім кіраўніцтвам і абмяркоўвае нейкую «лакальную праблему» ў Беларусі.
«Беларусь – гэта сітуацыя, пра якую мы цалкам праінфармаваныя. Пакуль – нічога асаблівага. Гаварыць нешта пакуль рана, але на гэты момант мы разглядаем сітуацыю як лакальную праблему», – расказвае на камеру герой Гіра, на што ягоны шэф адказвае, што ім абодвум добра вядома, што «ніякай “лакальнай праблемы” ў Беларусі не існуе».
Зрэшты, сам серыял, мяркуючы з інфармацыі, агучанай раней прадусарамі, сярод якіх, сярод іншых, ёсць знакаміты амерыканскі акцёр і кінарэжысёр Джордж Клуні, апавядае зусім не пра Беларусь. Ён зняты ў жанры шпіёнскага трылера і заснаваны на французскім серыяле «Бюро», які выходзіў з 2015 да 2020 года.
Дзеянне серыялу будзе разгортваецца ў аддзеле ЦРУ, які адказвае за працу з агентамі глыбокага прыкрыцця ў доўгатэрміновых місіях у розных краінах свету, якія гадамі жывуць пад чужымі імёнамі, вышукваючы новыя крыніцы выведнай інфармацыі і задзейнічаючы новых шпіёнаў.
Прэм'ера серыялу прызначаная на 29 лістапада 2024 года на сэрвісе Paramount+.