«З карэйскага там - толькі метал»
7- 24.11.2024, 11:38
- 4,680
Расея б'е па Украіне ракетамі КНДР з заходнімі кампанентамі.
Асноўная частка кампанентаў у паўночнакарэйскіх ракетах, якія Расея выкарыстоўвае для ўдараў па Украіне - заходняй вытворчасці.
Аб гэтым піша CNN, спасылаючыся на даклад Незалежнай антыкарупцыйнай камісіі Украіны.
У публікацыі зазначаецца, што блізу траціны ракет, якімі РФ атакуе Украіну, з'яўляюцца паўночнакарэйскімі, якія працуюць на заходніх схемах, атрыманых насуперак санкцыям.
Са слоў прадстаўніка Мінабароны Украіны, сёлета Расея выпусціла амаль 60 паўночнакарэйскіх ракет КN-23 па Украіне. Гэта складае амаль кожную трэцюю са 194 балістычных ракет, што, на падлікі CNN складае амаль трэць са 194 балістычных ракет, выпушчаных дагэтуль.
У жніўні і верасні назіраўся ўсплёск нападаў балістычнымі ракетамі, калі Украіна ўпершыню публічна распавяла аб выкарыстанні КN-23.
Выданне дадае, што праз гэта ўкраінскія афіцыйныя асобы падалі CNN доступ да фрагментаў абломкаў зброі, якія сведчаць аб відавочным аб'ёме амерыканскіх і еўрапейскіх схем у іх сістэмах навядзення.
Адзначаецца, што найважнейшыя кампаненты, якія выкарыстоўваюцца ў ракетах КНДР, вырабляюцца дзявяццю заходнімі вытворцамі, уключаючы кампаніі са ЗША, Нідэрландаў і Вялікай Брытаніі. Пры гэтым некаторыя часткі ракет былі зробленыя ўжо ў 2023 годзе, што сведчыць аб хуткасці паставак у Паўночную Карэю.
Карэспандэнты CNN таксама пабывалі на адным са складоў, дзе ўкраінскія следчыя вывучаюць абломкі зброі, выкарыстанай Расеяй для паветраных нападаў.
«Усё, што працуе, каб накіроўваць ракету, каб прымусіць яе ляцець, - усё гэта замежныя кампаненты. Уся электроніка замежная. У ёй няма нічога карэйскага. Адзінае, што там карэйскае, - гэта метал, які хутка іржавее і пакрываецца карозіяй», - сказаў Андрэй Кульчыцкі, кіраўнік лабараторыі вайсковых даследаванняў Кіеўскага навукова-даследчага інстытута судовай экспертызы.
Як распавёў CNN адзін з супрацоўнікаў выведкі, расследаванне абцяжаранае праз пашкоджанні фрагментаў ракеты, але ўсё ж можна вызначыць, што «пераважная большасць кампанентаў – гэта заходнія кампаненты».
«Імаверна, 70% – амерыканскія, ад вядомых кампаній [...] Яны таксама выкарыстоўваюць кампаненты, вырабленыя ў Нямеччыне і Швэйцарыі», – распавёў ён.
Справаздача, апублікаваная ў пачатку гэтага года брытанскай даследчай арганізацыяй Conflict Armament Research (CAR), выявіла, што 75% кампанентаў адной з першых паўночнакарэйскіх ракет, выкарыстаных для нападу на Украіну, былі вырабленыя кампаніямі, якія базуюцца ў ЗША.
Са слоў экспертаў па адсочванні зброі, дакладнай інфармацыі аб тым, як менавіта кампаненты трапляюць у Паўночную Карэю, няма. Але ўсе прыкметы паказваюць на Кітай як на імавернага пасярэдніка.
«Мы адсачылі некаторыя з гэтых кампанентаў, і апошнімі вядомымі захавальнікамі з'яўляюцца кітайскія кампаніі», – сказаў Дэм'ен Сплітэрс, намеснік дырэктара ў аперацыях CAR, якая займаецца незалежным дакументаваннем перанакіраванай зброі. Гэта азначае, што кітайскія фірмы набывалі кампаненты ў вытворцаў і шэрагу пасярэднікаў.
CAR і іншыя мяркуюць, што галоўнай праблемай з'яўляюцца кампаніі-пасярэднікі, а не вытворцы.
Паводле інфармацыі CAR, існуе больш за 250 кампаній, чые кампаненты былі выяўленыя ў паўночнакарэйскіх ракетах. Але большасць гэтай электронікі прадаецца пяці асноўным дыстрыбутарам, якія размяшчаюцца ў ЗША і Канадзе.
Міністэрства гандлю ЗША ўжо ўзмацніла кантроль над кампаніямі і падстаўнымі асобамі, якія пастаўляюць падсанкцыйныя тавары ў Расею і Беларусь.
Упаўнаважаны прэзідэнта Украіны ў пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк заявіў, што пакуль ніводны з вытворцаў не быў прыцягнуты да адказнасці за гэтыя пастаўкі.
«Мы думаем, што калі хтосьці з гэтых...вытворцаў будзе прыцягнуты да адказнасці за колькасць мікраэлектронікі, выяўленай, скажам, у расейскіх ракетах, якія ўпалі на Украіну, (яны) сапраўды пачнуць рабіць больш у гэтых варунках», - мяркуе ён.