24 лiстапада 2024, Нядзеля, 22:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Данія падпісала касмічнае пагадненне

Данія падпісала касмічнае пагадненне

Цяпер краіна будзе даследаваць космас.

Данія стала 48-й дзяржавай, якая падпісала пагадненне Artemis Accords з 2020 года. Цяпер краіна будзе даследаваць космас.

Пра гэта паведамляе The Washington Post.

У прэсавым рэлізе міністарка адукацыі і навукі Крысціна Эгелунд, якая падпісала ўмову ад імя Даніі, расказала больш падрабязна пра падзею.

"Падпісанне пагаднення адпавядае стратэгіі данскага ўрада што да касмічных даследаванняў і інавацый. Космас валодае велізарным патэнцыялам, і мы хочам, у супрацоўніцтве з іншымі краінамі, прасоўваць навуковыя прарывы і ўплываць на развіццё і выкарыстанне касмічнага сэктара ў будучыні», — заявіла яна.

Данія з'яўляецца сябрам Еўрапейскага касмічнага агенцтва, і яе першы астранаўт Андрэас Могенсэн адправіўся на Міжнародную касмічную станцыю ў 2015 годзе. Летась ён вярнуўся ў космас на караблі Crew Dragon кампаніі SpaceX.

Большая частка касмічнай стратэгіі Даніі сканцэнтраваная на касмічнай інфраструктуры, такой як спадарожнікі.

WP дадала, што краіны, якія падпісалі Пагадненне Artemis Accords, абавязваюцца праводзіць мірныя даследаванні космасу, надаючы асаблівую ўвагу бяспецы і ўстойлівасці. Акрамя гэтага, дзяржавы абавязваюцца падтрымліваць супрацоўніцтва, даваць экстранную дапамогу, забяспечваць празрыстасць цывільных касмічных аперацый, а таксама рэгістраваць касмічныя аб'екты, публікаваць навуковыя звесткі і бяспечна ўтылізаваць арбітальнае смецце.

Таксама выданне дадало, што пагадненні Artemis Accords былі распрацаваныя NASA, Дзяржаўным дэпартаментам ЗША і прадстаўнікамі сямі іншых краін, каб дапамагчы дзяржавам унікнуць канфліктаў у космасе.

На сайце Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША сказана, што Artemis Accords не з’яўляецца юрыдычна абавязковым.

Акрамя гэтага дакумента, паміж Даніяй і ЗША падпісаны Пакт аб космасе 1967 года. Гаворка ідзе пра пагадненне ААН, якое рэгулюе выкарыстанне Месяца ды іншых нябесных целаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках