У «Белавія» пракаментавалі інцыдэнт з «Дынамалётам»
1- 25.11.2024, 15:55
- 2,846
«Сітуацыя не можа быць спрагназаваная авіякампаніяй»
Самалёт “Белавія" рэйсам Менск — Калінінград, які выконваўся 24 лістапада, вярнуўся ў сталічны аэрапорт. Інцыдэнт БелТА пракаментавалі ў авіякампаніі.
“Падчас выканання рэйса B2 949 Менск — Калінінград на самалёце Embraer-195 адбылося расколванне покрыўнага пласта адной з шыбы кабіны пілотаў. У адпаведнасці з дзейнымі інструкцыямі камандзір паветранага судна прыняў пастанову аб вымушаным вяртанні ў базавы аэрапорт Менск. Самалёт здзейсніў пасадку ў Нацыянальным аэрапорце Менск а 13.18. Здароўю і бяспецы пасажыраў нічога не пагражала”, — праінфармавалі ў авіякампаніі.
Для выканання рэйса было прадастаўленае іншае паветранае судна. А 16.25 самалёт вылецеў з Нацыянальнага аэрапорта Менск, а 17.50 (па мясцовым часе) борт шчасна прызямліўся ў Калінінградзе. Пасажырам затрыманых рэйсаў у Калінінградзе і Менску далі напоі і харчаванне згодна з дзейнымі правіламі.
"Расколванне шкла кабіны пілотаў - сітуацыя, якая ўзнікае выпадковым чынам і не можа быць спрагназаваная авіякампаніяй. Расколванне покрыўнага пласта лабавога шкла кабіны пілотаў без пашкоджання сілавых элементаў не ўплывае на бяспеку палёту і пасажыраў”, — растлумачылі ў “Белавія”.
Авіякампанія прыносіць свае прабачэнні пасажырам затрыманых рэйсаў за нязручнасці.