25 лiстапада 2024, панядзелак, 23:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Казахстан пастанавіў у 13 разоў павялічыць экспарт нафты ў абыход Расеі

Казахстан пастанавіў у 13 разоў павялічыць экспарт нафты ў абыход Расеі

Дзель РФ, праз якую цяпер ідзе больш за 80% нафтавага экспарту Казахстана, прыкметна скароціцца.

Казахстан яшчэ летась паставіў мэту павялічыць дзель замежных паставак, якія ажыццяўляюцца без расейскай дапамогі. Цяпер міністр энэргетыкі Алмасадам Саткаліеў заявіў, што аб'ём такога экспарту павінен вырасці ў 13 разоў.

Як сказаў Саткаліеў у парламенце, гадавы экспарт па трубаправодзе «Баку – Тбілісі – Джэйхан» можа вырасці да 20 млн тонаў з цяперашніх 1,5 млн тонаў, паведамляе Reuters. Краіна плануе нарошчваць здабычу, і ёсць зацікаўленасць у паступовым павелічэнні аб'ёму паставак казахстанскай нафты «як з нашага боку, так і ў азербайджанскіх партнёраў», сказаў міністр.

У выніку рэалізацыі такіх планаў дзель Расеі, праз якую цяпер ідзе больш як 80% нафтавага экспарту Казахстана, прыкметна скароціцца. Сёлета ў Новарасійск па трубе Каспійскага трубаправоднага кансорцыуму (КТК) будзе прапампавана, паводле словаў Саткаліева, 55,4 млн тонаў, а яшчэ 8,6 млн – па маршруце «Атырау – Самара». І калі цяпер Казахстан выпраўляе танкерамі па Каспійскім моры ў Баку 1/43 ад сукупнага аб'ёму паставак праз Расею, то ў выпадку рэалізацыі заяўленых планаў гэта будзе ўжо крыху менш за 1/3 ад паказніка гэтага года.

Праўда, Казахстан таксама мае намер нарошчваць здабычу нафты, то-бок часткова экспарт будзе павялічвацца за кошт яе. У 2026 г. плануецца вырабляць блізу 100 млн тонаў супраць 88,4 млн сёлета, сказаў Саткаліеў. З наступнага года пачнецца здабыча на новай частцы радовішча «Тэнгіз» (праект пашырэння здабычы рэалізоўваўся амаль 10 гадоў). Кампанія Chevron, якая валодае 50% аператара радовішча «Тэнгізшаўройл», паведаміла, што з сярэдзіны 2025 г. можа вырабляць на пашыранай частцы блізу 260000 бараляў за дзень.

Дадатковы аб'ём здабычы можа здавацца невялікім, але ён складае блізу чвэрці ад чаканага сусветнага росту попыту на нафту, адзначае калумніст Bloomberg у энэргетыцы Хаўер Блас. У сукупнасці аб'ём здабычы Казахстана можа налета дасягнуць рэкорднага паказніка, перавысіўшы 2 млн бараляў за дзень.

Праўда, Казахстан уваходзіць у АПЕК+, з'яўляючыся партнёрам картэля, і павінен выконваць квоты. АПЕК+ яшчэ ў чэрвені падрыхтаваў план паступовага павелічэння квотаў, і ў Казахстане спадзяваліся, што ягоная дзель паставак да 2025 г. вырасце. Аднак на сусветным рынку складаецца лішак нафты, і АПЕК+ адклаў павелічэнне да студзеня. Далейшае падаўжэнне абмежаванняў моцна ўдарыць па планах Казахстана, і ён можа пайсці шляхам ААЭ і Ірака, якія ў апошнія гады парушалі квоты, піша Блас: ААЭ нават змаглі дамагчыся іх павелічэння, а Ангола, якая таксама патрабавала дазволіць ёй павялічыць здабычу, пакінула картэль.

Саткаліеў не назваў канкрэтных тэрмінаў рэалізацыі планаў нарошчвання экспарту праз «Баку-Джэйхан». Але яшчэ ў жніўні 2023 г. тагачасны міністр энэргетыкі Ерлан Акенжэнаў казаў, што Казахстан пачаў набываць танкеры для перавозкі нафты па Каспійскім і Чорным морах з мэтай знізіць залежнасць ад КТК. Да таго моманту з пачатку 2023 г. у Баку было дастаўлена ўсяго 300 000 тонаў нафты.

Пастанова знізіць залежнасць ад КТК была звязаная сярод іншага з тым, што ў 2022 г. суд у Новарасійску прыпыняў яго працу нібыта праз экалагічныя парушэнні. Улады Казахстана не падтрымалі расейскае ўварванне ва Украіну, адмовіліся прызнаваць «ДНР» і «ЛНР» і пачалі грамадскае абмеркаванне рэалізацыі заходніх санкцый, якія забараняюць пастаўку некаторых тавараў у Расею.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках