Беларускі лекар расказаў, што выклікае алергію восенню і зімой
2- 25.11.2024, 21:21
- 2,182
Для некаторых людзей сыр з цвіллю – зусім не далікатэс.
Чаму і ў халодны час года ў некаторых людзей абвастраецца алергія, расказаў БелТА загадчык алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай лякарні Менска Дзмітрый Буза.
У першую тройку найболей распаўсюджаных алергенаў уваходзяць пылавыя кляшчы, пылок і поўсць жывёлаў. А вось на чацвёртым месцы плесневыя грыбы.
Вонкавая, унутраная і нават сырная цвіль
На адкрытым паветры высокая канцэнтрацыя спораў цвілі прыпадае на лістапад праз апалае лісце. Менавіта праз гэта некаторым восеньскія шпацыры прыносяць дыскамфорт.
Сімптаматыка ў алергіі на цвіль такая самая, як і ў рэакцыі на пылок. Гэта чханне, насмарк, кашаль.
«Алергенам можа быць і “ўнутраная” цвіль... Збор плесневых грыбоў выяўляецца чорнымі кутамі, палосамі на швах паміж пліткамі ў ваннай, столі ці мэблі, плямамі на падлозе і сценах, каляровымі разводамі на глебе пакаёвых раслінаў», – тлумачыць лекар.
З такімі алергенамі чалавек кантактуе цэлы год. Але найболей высокая канцэнтрацыя цвілі прыпадае таксама на восеньска-зімовы перыяд. Усё праз дрэнную вентыляцыю памяшканняў.
Алергічную рэакцыю таксама могуць выклікаць сыр з цвіллю, квашаная капуста, квас, дражджавое цеста.
З першага года жыцця
Алергія на цвіль можа праявіцца з першага года жыцця.
«Абвастрэнне правакуе звычайна спалучэнне некалькіх чыннікаў. Напрыклад, чалавек трапляе ў памяшканне або асяроддзе з высокай канцэнтрацыяй цвілі і паралельна пераносіць інфекцыю – яна агаляе слізістыя, якія становяцца больш успрымальнымі да алергену», – адзначае Буза.
Алергію на цвіль выяўляюць праз аналіз крыві.
Цвіль у ваннай
Чорная цвіль у ваннай можа выклікаць не толькі алергію. Паводле словаў Дзмітрыя Бузы, плесневы грыбок – патагенны мікраарганізм, які правакуе пашкоджанне дыхальных шляхоў.
Асабліва гэта небяспечна для людзей з аслабленым імунітэтам.