Жыхароў Гомельшчыны масава выклікаюць у пракуратуру
1- 26.11.2024, 10:32
- 8,558
Людзей прымушаюць падпісваць спецыяльныя дакументы.
Жыхароў Гомельскай вобласці, якія нейкім чынам "засвяціліся" як палітычна актыўныя, масава выклікаюць у пракуратуру.
Гэта тыя, каго судзілі паводле крымінальных ці адміністрацыйных артыкулаў за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў 2020 года, за падпіскі на рэсурсы, абвешчаныя «экстрэмісцкімі», піша «Флагшток».
Акрамя таго, вядома аб выпадках, калі такія выклікі ў пракуратуру атрымлівалі тыя, хто мае шмат штрафаў ад ДАІ.
Людзей прымушаюць падпісваць папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння КК і КоАП, абавязацельствы не парушаць грамадскі парадак.
Выклікі адбываюцца праз позву ці праз тэлефонны званок. Аднак актывісты адзначаюць, што турбавацца не варта — гэта толькі фармальная працэдура, якую сілавікі разглядаюць як «прафілактычную акцыю».
Аналагічную працэдуру прымушалі праходзіць актывістаў і напярэдадні выбараў 2020 года.