26 лiстапада 2024, aўторак, 15:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Топ-генерал NАТО: Еўропе час прачынацца

Топ-генерал NАТО: Еўропе час прачынацца

Каб яе АПК паспяваў за астатнім светам.

Адзін з найвышэйшых вайсковых чыноўнікаў NАТО, адказны за мадэрнізацыю, пакрытыкаваў забюракратызаванасць многіх працэсаў у абароннай вытворчасці краін Еўропы і адзначыў, што для хуткага пераўзбраення і гатоўнасці да сучасных рызык патрэбны змены, паведамляе Politico.

Французскі адмірал П'ер Вандзье, які ў верасні стаў камандзірам аб'яднаных сіл NАТО ў пытаннях трансфармацыі (SACT), у сваім першым інтэрв'ю на пасадзе адзначыў, што еўрапейцам трэба дзейнічаць хутчэй і больш укладвацца ў абарону, каб мець шанец на лідарства ў глабальным пераўзбраенні.

«Еўропа не зможа перамагчы ў будучых узброеных бітвах з правіламі, якія сама для сябе ўстанавіла», – адзначыў Вандзье.

Адной з праблем ён назваў празмерна прыдзірлівае прытрымліванне розных правілаў і празмерны перфекцыянізм у распрацоўцы новага ўзбраення і тэхнікі.

«Цяпер даводзіцца дэманстраваць ідэальнасць усяго ва ўзбраенні, якое вытворца павінен паставіць праз 15 гадоў... Калі мы збіраемся ўтрымаць тэмп у гонцы ўзбраенняў - трэба мяняць правілы», - падкрэсліў ён.

У публікацыі Politico з каментарамі адмірала падаюцца прыклады, агучаныя адным французскім даследнікам у сферы бяспекі. Напрыклад, праект новых бронетранспарцёраў Griffon прыйшлося перарабляць, бо элементы асвятлення былі размешчаны занадта высока і не адпавядалі дарожным стандартам. Французскім фрэгатам даводзіцца гадамі чакаць пэўных абнаўленняў, тады як амерыканцы праводзяць гэтыя працэдуры за некалькі дзён.

Вандзье выказаў меркаванне, што Еўропе варта павучыцца ў вайскоўцаў ЗША падыходам да тэхналогій і мадэрнізацыі. «Іх энтузіязм і здольнасць прымаць рызыкі – гэта база. У Еўропе мы «не рызыкуем», - адзначыў адмірал.

Таксама ён выказаў меркаванне, што з-за таго, як развіваецца сітуацыя ў Азіі, для ЗША важна, каб у Еўропе таксама была магутная абаронная прамысловасць. Адмірал выказаў упэўненасць, што еўрапейскі АПК можа быць «нечым значна большым, чым выканаўцам» для амерыканскіх кампаній.

«Я настроены аптымістычна... Надышоў час прачынацца. Мы сапраўды можам рабіць нешта вельмі добрае. Гэта азначае, што нам трэба эфектыўна выкарыстоўваць сродкі, ісці на вялікія рызыкі і рабіць больш экспэрыментаў», - сказаў ён.

Вандзье кажа, што адзін з ключавых выклікаў будучыні для супольнікаў - тое, што вайсковыя аперацыі запатрабуюць усё большай сінхранізацыі многіх кампанентаў: наземнай, марской, паветранай, дзеянняў у кіберпрасторы, інфармацыйным полі і нават у космасе.

На ягоную думку, найбольш слабымі звёнамі зараз з'яўляюцца космас, IT і лагістыка.

«У Еўропе пражывае 10% насельніцтва свету, і на Еўропу прыпадае 50% розных сацыяльных выплат... Надыходзяць часы, калі мы павінны сказаць сабе, што калі хочам быць здольныя абараняцца - трэба крыху перагледзець гэта», - дадаў Вандзье з нагоды выдаткаў на абарону.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках