27 лiстапада 2024, Серада, 22:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сяброўскія» краіны сталі скасоўваць пастаўкі гародніны і садавіны ў Расею

10
«Сяброўскія» краіны сталі скасоўваць пастаўкі гародніны і садавіны ў Расею

Праз падзенне расейскага рубля.

Пастаўшчыкі гародніны і садавіны з краінаў, якія Крэмль называе «сяброўскімі», скасавалі шэраг кантрактаў на экспарт у Расею праз абвальнае падзенне курсу рубля. Пра гэта са спасылкай на крыніцы на рынку паведамляе профільнае выданне EastFruit.

Паводле ягоных звестак, скасаванне ўзгодненых паставак закранула экспарт з Турцыі, Егіпта і Ірана. Кампаніі з гэтых краінаў патрабуюць перагляду коштаў, каб адлюстраваць рост валютных рызык.

З пачатку лістапада рубель страціў больш за 10% да даляра і еўра на фоне ўзмацнення жорсткасці амерыканскіх фінансавых санкцый, пад якія трапілі 50 расейскіх банкаў, у тым ліку ключавы Газпрамбанк.

У сераду, 27 лістапада, курс амерыканскай валюты на форэксе паднімаўся вышэй за 114 рублёў, а еўрапейскай – перавышаў 120 рублёў упершыню з сакавіка 2022 года. На Маскоўскай біржы, дзе гандаль далярам і еўра спынены праз санкцыі, рэзка падаражэў юань: ягоны курс даходзіў да адзнакі 15,2 рубля, таксама рэкорднай за паўтара года.

З пачатку жніўня рубель абясцэніўся на 25%, разганяючы інфляцыю ў імпартных таварах. Прадаўцы гародніны і садавіны, якія ўзімку ў асноўным завозяцца з-за мяжы, ужо пачалі прытрымліваць тавар, чакаючы, што кошты вырастуць, піша EastFruit.

Паводле звестак Расстата, на 25 лістапада харчовая інфляцыя ў Расеі дасягнула 10,2%, а кошты базавай садавіны і гародніны падскочылі на дзясяткі адсоткаў. Так, бульба з пачатку года падаражэла на 78,4%, капуста – на 30,7%, бурак – на 27%. Памідоры ў гадавым выразе сталі даражэйшымі на 22,5%, агуркі – на 40,8%, цыбуля – на 17%.

Каб затармазіць інфляцыйны ўсплёск, урад разглядае магчымасць скасавання мытаў на імпарт агародніны і садавіны. Сярод іншага, ільготы могуць закрануць пастаўкі бульбы, цыбулі, морквы, капусты і яблыкаў, паведамляла ў лістападзе Мінэканамразвіцця.

Праблемы з гароднінай узніклі праз травеньскія замаразкі, за якім рушыла засуха і спякота ў Растоўскай, Астраханскай, Валгаградскай абласцях, а таксама ў Краснадарскім краі і іншых рэгіёнах. Паводле ацэнкі Найвышэйшай школы эканомікі, яны маглі страціць ад 10% да 25% ураджаю гародніны.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках