У Салаўёва пачалі рыхтаваць расейцаў да курсу даляра на 180 рублёў
16- 28.11.2024, 11:16
- 9,610
Шакавальныя лічбы прагучалі ў жывым эфіры.
Падзенне нацыянальнай валюты ў Расеі, якое пачалося на фоне ўдару “Арэшыніка" па Дняпры, працягнецца. У найлепшым выпадку краіну чакае курс 150 рублёў за даляр.
Такі сумны для расейцаў прагноз нечакана быў агучаны ў эфіры прапагандысцкага рэсурсу "Салаўёў LIVE", паведамляе Dialog.UA.
У праграме ўзяў удзел дэкан факультэта міжнароднай эканомікі Фінансавага універсітэта пры ўрадзе РФ Павел Селязнёў. Ён параіў расейцам рыхтавацца да далейшага і вельмі значнага паслаблення рубля.
"Курс (даляра-рэд.) будзе расці далей! Цяпер гэта 115-116 рублёў. Ужо кажуць і пра 150 (рублёў за даляр - рэд.). Ну 150 - гэта, скажам так, сярэдні нават варыянт. Найбольш радыкальныя варыянты, што я ўжо чуў, гэта ўжо 180 рублёў за даляр. Вядома, гэтыя рэчы для нашага чалавека з'яўляюцца адчувальнымі", - заявіў экспэрт.
Вядучы-прапагандыст Сяргей Карнавухаў у адказ на такі прагноз заклікаў пакараць эканамічны блок за няздольнасць стрымаць інфляцыю.
Цэнтрабанк Расеі раней падняў да рэкордных значэнняў ключавую стаўку, чым нанёс цяжкі ўдар па бізнэсу ў Расеі, але не змог справіцца з праблемай.
"Я вельмі хачу пачуць пытанні прэзідэнта да эканамічнага кіраўніцтва краіны", - сказаў Карнавухаў.
Характэрна, што на федэральных тэлеканалах Расеі тэму падзення рубля старанна замоўчваюць. На гэта звярнуў увагу расейскі апазіцыйны журналіст Ілля Шэпялін у сацсетцы Х.
"Тэма жорсткай пасадкі рубля практычна цалкам ігнаруецца расейскім ТВ. Салаўёў, якому заўсёды ёсць, што сказаць пра што хочаце, за 4 гадзіны ранішняга эфіру прысвяціў падзенню рубля 0 хвілін 0 секунд. Затое там быў цэлы блок, які называўся “Крызіс эканомікі Нямеччыны"... На галоўных каналах - звонкая пустата", - адзначыў ён.
Варта ўдакладніць, што падзенне рубля пачалося з увядзеннем Злучанымі Штатамі новых санкцый супраць банкаўскай сферы Расеі. Пад удар трапіў і "Газпрамбанк", праз які РФ праводзіла большую частку міжнародных аплат. Санкцыі знізілі экспарт і імпарт Масквы. Пагоршыў сітуацыю ўдар расейскай балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці “Арэшнік" па ўкраінскім Дняпры. У спробе напалохаць Захад Крэмль нанёс знішчальны ўдар па сваёй нацыянальнай валюце.