NATO можа запусціць 5-ы артыкул Статута
7- 28.11.2024, 16:16
- 14,470
Праз дыверсіі РФ.
Дыверсіі Расеі супраць заходніх аб'ектаў могуць прывесці да таго, што NATO разгледзіць магчымасць выкарыстання 5 артыкула Статута Альянсу.
Такое меркаванне выказаў кіраўнік Федэральнай выведвальнай службы Нямеччыны (BND) Бруна Каль, піша Reuters.
Каль таксама ўказаў, што нарошчванне Расеяй вайсковага патэнцыялу азначае, што «ваенная канфрантацыя з NATO становіцца для Крамля адным з магчымых варыянтаў».
Reuters падкрэслівае, што NATO і выведвальныя службы паказваюць, што за дыверсіямі, ад кібератак да падпалаў, у еўраатлантычным рэгіёне стаіць Расея і колькасць такіх яе дзеянняў толькі расце. У той жа час Масква адмаўляе абвінавачанні на свой адрас.
Каль таксама заявіў, што да канца дзесяцігоддзя расейскія вайскоўцы, хутчэй за ўсё, будуць здольныя атакаваць NATO. Кіраўнік BND таксама ўказаў, што пад камандаваннем Масквы знаходзяцца войскі з баявым досведам, атрыманым падчас вайны супраць Украіны. Акрамя таго, гэта вайскоўцы, якія асвоілі сучасныя метады вядзення вайны.
Бруна Каль таксама прывёў ацэнкі нямецкай выведкі, згодна з якімі ў расейскім кіраўніцтве сумняваюцца, што 5 артыкул Статута NATO будзе выкарыстаны ў выпадку надзвычай сітуацыі.
«Калі такія настроі возьмуць верх ва ўрадзе ў Маскве, то рызыка ваеннага сутыкнення ў найбліжэйшыя гады ўзрасце», – цытуе Reuters кіраўніка BND.
Кіраўнік выведкі Нямеччыны таксама выказаў меркаванне, што калі Расея нападзе на аднаго або некалькіх хаўруснікаў па NATO, то не ў захопніцкіх мэтах, а каб праверыць чырвоныя лініі, устаноўленыя Захадам з мэтай падарваць заходнюю еднасць.
Артыкул 5 дамовы NATO прадугледжвае, што, калі кожная з дзяржаў — чальцоў Альянсу становіцца ахвярай узброенага нападу, усе астатнія без выключэння чальцы Альянсу будуць уважаць гэты акт гвалту ўзброеным нападам на іх усіх і ўжывуць усе захады, якія палічаць мэтазгоднымі, каб дапамагчы сябру Альянсу, які зазнаў напад.