Канстытуцыйны суд Румыніі загадаў пералічыць галасы на выбарах прэзідэнта
3- 28.11.2024, 17:36
- 4,062
Першы тур могуць зусім скасаваць.
У чацвер Канстытуцыйны суд аднагалосна пастанавіў звярнуцца да Цэнтральнай выбарчай камісіі з просьбай пералічыць усе сапраўдныя і несапраўдныя бюлетэні ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў.
Пастанова апублікаваная на сайце суда, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Пастанова была прынятая ў канцы двухгадзіннага пасяджэння па скарзе кандыдата ў прэзідэнты Крысціяна Тэрхеса, які абвінаваціў ЦВК у фальсіфікацыях у дачыненні да галасоў іншага кандыдата Элены Ласконі.
Скарга, пададзеная кандыдатам Себасцьянам Папеску наконт махлярства, учыненага кандыдатам Кэлінам Джарджэску, была адхіленая.
Суд таксама звярнуўся да ЦВК з просьбай прадставіць вынікі паўторнага пераліку галасоў.
Новае пасяджэнне Канстытуцыйнага суда адбудзецца ў пятніцу, 29 лістапада, каб прыняць пастанову паводле патрабавання аб скасаванні першага тура прэзідэнцкіх выбараў, пададзенага кандыдатам ад Нацыянал-кансерватыўнай партыі Румыніі Крысціянам Тэрхесам.
Усе пастановы Канстытуцыйнага суда з'яўляюцца канчатковымі.
Старшыня Пастаяннага выбарчага органа Тоні Грэблэ ў жывым эфіры тэлеканала Digi 24 заявіў, што пералік галасоў можа быць праведзены пры наяўнасці важкіх довадаў. Ён падкрэсліў, што пераліку падлягаюць больш за 9 мільёнаў бюлетэняў, якія зараз знаходзяцца ў архівах акруговых судоў, і працэдура паўторнага падліку галасоў не можа быць праведзеная за некалькі гадзін або дзён.
Румынскае заканадаўства прадугледжвае, што ў выпадку анулявання Канстытуцыйным судом выніку выбараў паўторнае галасаванне праводзіцца ў другую нядзелю пасля даты анулявання.