Цукерберг і Трамп сустрэліся за вячэрай у Флорыдзе
11- 28.11.2024, 20:22
- 3,148
Падчас перадвыбарнай кампаніі заснавальнік Facebook адмовіўся выказваць падтрымку якому-небудзь кандыдату.
Заснавальнік Facebook Марк Цукерберг і абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сустрэліся за вячэрай у Флорыдзе. Пра гэта паведамляе Fox News са спасылкай на дарадцу Трампа Стывена Мілера.
Паводле словаў Мілера, Цукерберг выказаў гатоўнасць падтрымліваць рэформы, якія Трамп хоча правесці ў ЗША і ва ўсім свеце. Мілер дадаў, што ў Цукерберга ёсць свае інтарэсы, але ён разглядае другі прэзідэнцкі тэрмін Трампа як магчымасць для «нацыянальнага абнаўлення».
Прадстаўнік кампаніі Meta, кіраўніком якой з'яўляецца Цукерберг, пацвердзіў факт сустрэчы ў каментары для CBS News, адзначыўшы, што Цукерберг быў удзячны за запрашэнне на вячэру ў рэзідэнцыю Трампа ў Мар-а-Лага і магчымасць пагутарыць з чальцамі ягонай каманды.
Пасля штурму Капітолія 6 студзеня 2021 года Facebook заблакаваў старонку Трампа, заявіўшы, што ягоныя публікацыі правакуюць гвалт. У пачатку 2023 года ягоныя старонкі ў Facebook і Instagram былі адноўленыя з некаторымі абмежаваннямі. У ліпені Meta, якой належаць Facebook і Instagram, зняла гэтыя абмежаванні.
Раней Трамп гаварыў, што Цукерберг быў адным з тых, хто рыхтаваў супраць яго змову падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. У сваёй кнізе «Выратаваць Амерыку», апублікаванай у жніўні 2024 года, Трамп нагадаў пра ахвяраванне памерам больш за 400 мільёнаў даляраў, якое Цукерберг і ягоная жонка Прысцыла Чан накіравалі дзвюм некамерцыйным арганізацыям для падтрымкі выбарчых камісій у перыяд пандэміі каранавірусу. У кнізе Трамп паабяцаў, што Цукерберг «правядзе рэшту свайго жыцця ў турме», калі зноў паступіць падобным чынам.
Падчас сёлетняй перадвыбарнай кампаніі Цукерберг адмовіўся выказваць падтрымку якому-небудзь кандыдату, заявіўшы, што не збіраецца ўмешвацца ў выбары. Разам з тым пасля замаху на Трампа ў ліпені на мітынгу ў Пенсільваніі Цукерберг адзначыў рэакцыю кандыдата ў прэзідэнты на стрэл, назваўшы яе «адным з самых крутых відовішчаў», якія ён калі-небудзь бачыў.
У жніўні Трамп у эфіры Fox News расказаў, што Цукерберг тэлефанаваў яму, каб папрасіць прабачэння за памылкі. Абраны прэзідэнт-рэспубліканец назваў учынак бізнэсмэна «смелым» і сказаў, што так Цукерберг «фактычна абвясціў», што не плануе падтрымліваць дэмакратаў.