На філфаку БДУ хочуць адкрыць спецыяльнасць «пісьменнік»
10- 29.11.2024, 15:17
- 1,206
Акрамя таго, там будуць рыхтаваць «лічбавых філолагаў».
Дэкан філалагічнага факультэта БДУ Сяргей Важнік расказаў пра «перспектыўныя спецыяльнасці».
Так, на думку Важніка, філфак можа пачаць падрыхтоўку пісьменнікаў, бо факультэт вядомы выпускнікамі, якія знайшлі сябе ў літаратуры, піша «СБ».
«Вельмі спадзяюся, што традыцыі захаваюцца. У гэтым плане паказальная дзейнасць былога дэкана філалагічнага факультэта прафесара Алега Антонавіча Лойкі, які «паставіў на крыло» не адно пакаленне таленавітых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.
Не выпадкова сам паэт не раз паўтараў: «Беларусь — Радзіма паэтаў». Філалогія - не проста навука ці прафесія. Гэта асаблівы тып мыслення. Падумваем нават у перспектыве адкрыць спецыяльнасць «пісьменнік», — адзначыў дэкан.
Акрамя таго, на філфаку збіраюцца рыхтаваць спецыялістаў на стыку філалогіі і IT.
«Праз год-два павінна з'явіцца «лічбавая філалогія». Будзем рыхтаваць спецыялістаў, якія зоймуцца стварэннем моўных карпусоў і электронных адукацыйных рэсурсаў», — расказаў Важнік.